У Мінскім гарадскім судзе 12 лютага будуць разгледжаныя пазовы аб ліквідацыі двух клубаў баявых мастацтваў, вынікае з раскладу на партале электроннага судаводства. Працэс у дачыненні да грамадскага аб’яднання «Сёбуайкі», ініцыяваны галоўным упраўленнем юстыцыі (ГУЮ) Мінгарвыканкама, правядзе суддзя Дар’я Маргайлік, піша «Позірк».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/aikido_makunin_pixabay_1128x752-vsuc7.jpg.webp)
Згодна з інфармацыяй з адкрытых крыніц, згаданае аб’яднанне — клуб айкідо (сучаснае японскае баявое мастацтва). Паводле звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), арганізацыя зарэгістраваная 6 жніўня 2000 года.
Кіраўніцтва «Сёбуайкі» накіроўвала ў ГУЮ Мінгарвыканкама справаздачу, паводле якой на 1 студзеня 2024 года ў аб’яднанні не было ніводнага члена, аніякіх мерапрыемстваў у 2023-м яно не праводзіла, даходаў і выдаткаў не мела.
Другая арганізацыя, якую маюць намер ліквідаваць улады, — спартовае грамадскае аб’яднанне «Байцоўскі клуб «Барацьбіцкі стыль». Адпаведны іск сталічнага ўпраўлення юстыцыі разгледзіць суддзя Алена Крук.
Паводле звестак з АДР, гэты клуб зарэгістраваны 7 верасня 2012 года, аднак 14 лістапада 2024-га ягоная дзейнасць была прыпыненая — на падставе рашэння Мінгарсуда. Верагодна, з гэтай прычыны арганізацыя не справаздачылася перад рэгістрацыйным органам пра гадавую дзейнасць. Згодна з архіўным дакументам, на 1 студзеня 2023 года ў аб’яднанні было 15 членаў.
У 2022 годзе «Барацьбіцкі стыль» правёў тры мерапрыемствы: турнір па ММА (змешаныя баявыя мастацтва) «TFC» з удзелам двух чалавек, а таксама два чэмпіянаты Беларусі па ММА — з пяццю і трыма ўдзельнікамі адпаведна. Пры гэтым ні даходаў, ані выдаткаў аб’яднанне ў справаздачным годзе не мела.
Паводле звестак з рэестра Міністэрства па падатках і зборах пра даўжнікоў, у «Барацьбіцкага стылю» на 1 студзеня 2025 года была запазычанасць.
Каментары