У нідэрландскім горадзе Флісінген зоаабарончую службу выклікалі ў гатэль, у адзін з нумароў якога трапіў цюлень. Пра гэта паведамляе выданне NL Times.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/1985720-475839637-619448464065135-8215941700735025384-n-g3o4u.jpg.webp)
Жанчына, якая спынілася ў гатэлі ў Флісінгене, зняла так званы пляжны нумар — асобны пакой з выхадам на пляж, а ўвечары выйшла на шпацыр са сваім сабакам.
Калі яна вярнулася, то выявіла ў нумары нечаканага наведвальніка, пасля чаго пайшла ў суседні рэстаран і выклікала зоаабаронцаў.
Зоаабарончы фонд Зеландскай Фландрыі, які прыбыў па выкліку, быў здзіўлены, калі пачуў, што ў гасцінічным нумары выявілі цюленя.
«Гэта было дзіўнае відовішча: госці, якія стаялі звонку, трохі нерваваліся, а ўнутры спаў зусім расслаблены цюлень», — апісваюць сітуацыю там.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/22a779d-475810213-619428170733831-2438184574789756254-n-g3ayy.jpg.webp)
Як тлумачаць зоаабаронцы, шэрыя цюлені могуць спаць у самых нечаканых месцах — нават пасярод дарогі.
Цюленя, які пасля таго, як яго пабудзілі, стаў даволі злосным, забралі з нумара ў спецыяльным кантэйнеры і адпусцілі яго ў бяспечным і ціхім месцы, гаворыцца ў матэрыяле.
Каментары