Алексін і Тапузідзіс скончылі вайну за тытунёвы рынак Беларусі. Абодва прайгралі. А вось хто, здаецца, перамог
«Бізнэсмен удачы», уласнік тытунёвых фабрык і «Табакерак» Аляксей Алекcін доўга і паслядоўна заганяў у андэграўнд свайго канкурэнта Паўла Тапузідзіса. А ў выніку ў яме яны аказаліся парай, падрыхтаваўшы рынак для больш актуальных і своечасовых кадраў.
Беларускі тытунёвы бізнэс — зарэгуляваная складанымі механізмамі ліцэнзій і квот тэма. Апроч дзяржаўнага завода ў Гродне, вырабляць цыгарэты маглі (напэўна, гэта ўжо правільнае слова) толькі два чалавекі: Павел Тапузідзіс і фаварыт Віктара Лукашэнкі Аляксей Алексін.
Чытайце гісторыю камерцыйнага ўзлёту Паўла Тапузідзіса: «Алексін — гэта Віктар, Тапузідзіс — гэта Дзмітрый». Захапляльная гісторыя бізнэсу Паўла Тапузідзіса
Усе тры гульцы зараблялі на розным.
Тапузідзіс, маючы эксклюзіўныя кантракты з British American Tobacco (BAT) і Japan Tobacco International (JTI), зарабляў на аўтсорсінгу для заходнікаў, а таксама прадаваў пару ўласных марак на ўнутраным рынку.
Гродзенская фабрыка толькі напаўняла ўнутраны рынак таннымі цыгарэтамі, а вось прадаваць іх ужо было прэміяй для сяброў сям'і. На рэалізацыю сеў Алексін, заставіўшы краіну «Табакеркамі», а лішкі гналі кантрабандай на Захад.
Справа пайшла так добра, што з часам узнікла патрэба паставіць яшчэ адзін завод — ужо прыватны, алексінаўскі.
Канец гэтай умоўнай раўнавазе паклаў 2020 год і шырокія сектаральныя санкцыі. Наменклатура дазволенага з Беларусі на Захад экспарту моцна скараціліся, высіліліся чыгуначныя плыні, а разам з імі — магчымасці для заварочвання кантрабанды. У асноўным яе вазілі ў вагонах пад, умоўна, прысыпкай з калія ці драўнянай габлюшкі.
У такіх умовах барацьба за ўнутраны рынак, які раней здаваўся неістотным і непатрэбным, абвастрылася. За кошт шырэйшых сувязяў і большых магчымасцяў Алексін літаральна за паўтара года загнаў Тапузідзіса ў андэграўнд, пазбавіўшы яго магчымасці прадаваць сваю прадукцыю хоць недзе, апроч уласнай сеткі распаўсюду ў «Кароне». Адпаведна, і квоты на выраб для Тапузідзіса былі ўрэзаныя.
Чытайце таксама: Алексін душыць Тапузідзіса. І блізкі да поспеху
Можна было б задацца пытаннем, а чаму зусім не завалодаць чужым заводам, калі маеш адміністратыўныя рычагі? Напэўна, кантракты з амерыканцамі, пабудаваныя на асабістых адносінах, у нейкім сэнсе абаранялі Тапузідзіса ад рэкету — без доўгатэрміновых кантрактаў бізнэс становіцца менш устойлівым і ператвараецца ў латарэю, у якой можна не выйграць.
З увядзеннем амерыканскіх санкцый супраць Тапузідзіса супрацоўніцтва з карпарацыямі згасла само сабой. Значыць, для Алексіна адкрылася акно магчымасцяў? Не.
Канец вайны аказаўся нечаканым і разгромным для абодвух.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», ні адзін ні другі не атрымалі квот на выраб цыгарэт у 2025 годзе. Адкрытай інфармацыі пра гэта няма — размеркаванне квот не публікуецца ў адкрытым доступе. Але пра гэта нам паведамілі людзі з галіны, якія валодаюць фактурай. Паводле іх словаў, у 2025 годзе квоты на выраб цыгарэт для рэалізацыі на ўнутраным рынку для фабрык Алексіна і фабрыкі Тапузідзіса «амаль роўныя нулю». З напаўненнем унутранага рынку, маўляў, спраўляецца і гродзенская фабрыка.
А саму сітуацыю нашы суразмоўцы разглядаюць як настойлівае запрашэнне абодвух да абмеркавання продажу заводаў: чым даўжэй фабрыкі Алексіна і Тапузідзіса будуць стаяць без справы, тым вышэйшымі будуць іх абавязкі адносна актываў, тым меншай будзе канчатковая цана. Адпаведна, чым раней пагодзішся — тым больш захаваеш, а спадзяешся перачакаць — яшчэ застанешся павінен.
Але хто сёння ў настолькі добрай форме, каб лабіраваць абразанне квот і прымушаць да дыялогу Алексіна і Тапузідзіса? Каго і за што Лукашэнкі могуць адарыць правам зарабляць на хоць і абмялелай, але ўсё яшчэ прыбытковай кантрабандзе, асабліва калі ў іх існуе спадзеў на прыпыненне санкцый?
Час пакажа, але суразмоўцы «Нашай Нівы» выказваюць здагадку, што шчаслівымі ўласнікамі тытунёвых фабрык з найбольшай імавернасцю стануць людзі з першага кола хакейнага трэнера Мікалая Лукашэнкі, на гэты момант самага ўплывовага чалавека краіны (не ўлічваючы Лукашэнкаў) — Дзмітрыя Баскава.
Якімі кватэрамі і аўто валодае бізнэсмен Аляксей Алексін, набліжаны да Лукашэнкі
Алексін перапісаў частку бізнэсу на нявестку
Выявіліся сваяцкія сувязі паміж уласнікамі «Кароны» Паўлам Тапузідзісам і Віктарам Пятровічам
У Беларусі з'явілася новая кампанія — вытворца цыгарэт. Але не новае прозвішча яе ўладальніка
Алексін душыць Тапузідзіса. І блізкі да поспеху
Каментары