Беларусь не мае выхаду ні да мора, ні да акіяна. А таму можа падавацца, што гаворкі пра беларускія астравы і быць не можа. Тым не менш у Беларусі ўсё ж іх шмат, а некаторыя да таго ж маюць вельмі цікавую гісторыю. Budzma.org расказвае пра самыя вялікія па плошчы беларускія астравы.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/rasony-jorvw.jpg.webp)
Ду
Востраў Ду на Асвейскім возеры з’яўляецца самым вялікім востравам Беларусі. Ягоная плошча ў пяць квадратных кіламетраў параўнальная з памерамі невялікіх гарадоў краіны, напрыклад, горадам Туравам.
![Asviejskajaje voziera](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/szt9uc89wddvg1brzwsaopav4o13orfj-44qrj.jpg.webp)
Адкуль паходзіць старажытная назва Ду (цяпер востраў на картах абазначаецца назвай Востраў), дакладна невядома. Па адной з версій назва Ду звязаная з першымі мясцовымі жыхарамі — фіна-вугорскімі плямёнамі, у перакладзе на сучасную мову «Ду» азначае «возера». Згодна з іншай версіяй, на востраве існавала балцкая вёска Ду, назва ў такім разе перакладаецца як «два».
![Vostraŭ Du](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/hxq1nukm0jk7met7h7r4brzkzfa5na4w-yh1cp.png.webp)
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму гэты востраў быў заселены людзьмі і нават меў усё неабходнае для адносна камфортнага жыцця: краму, клуб, электрастанцыю і пачатковую школу. Да пачатку 1970-х гадоў тут існавала вёска з аднайменнай назвай Востраў.
Сёння на востраве не засталося ані следу былой прысутнасці чалавека. Востраў мае статус заказніка, тут жывуць дзікія жывёлы, такія як ласі, алені і янотападобныя сабакі, а таксама мноства птушак.
Чайчын
На Браслаўскіх азёрах, у самым сэрцы возера Струста, размясціўся дзіўны востраў Чайчын — другі па велічыні ў Беларусі. Ягоная плошча крыху больш за паўтара квадратнага кіламетра.
![Vostraŭ Čajčyn](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/kseo1gqj7ei0hoio22eoijoes5w3koao-j2mni.jpg.webp)
Востраў унікальны тым, што мае ўласнае ўнутранае возера. Яшчэ ў XX стагоддзі ён уваходзіў у невялікі архіпелаг разам з астравамі Юркава і Шова.
Да сярэдзіны мінулага стагоддзя Чайчын, як і востраў Ду, быў населены, але не меў падобнай інфраструктуры. Тут размяшчалася вёска Востраў Струста, дзе жыло каля 27 чалавек, якія займаліся пераважна рыбным промыслам.
![Vostraŭ Čajčyn](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/prwt0r4l16p4bnl868tieg9kxqkeatsf-yhcmp.png.webp)
Чайчын вядомы не толькі сваёй гісторыяй, але і ўнікальнай прыродай. Тут захаваліся рэдкія для Беларусі карэльскія бярозы і ядлоўцы.
Шова
Там жа, на возеры Струста, на адлегласці ўсяго каля 100 метраў ад вострава Чайчын знаходзіцца яшчэ адзін востраў — Шова, які таксама меў назвы Урвішча і Багатыр. Адметна, што і тут раней, да калектывізацыі, жылі людзі.
![Vostraŭ Šova](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/loixlc0d2pjxbyycwty956wzynxo5bim-b1la2.jpg.webp)
Востраў асабліва вядомы сваім стромкім берагам. Крутыя схілы Шова, якія дасягаюць 25 метраў у вышыню, робяць востраў цяжкадаступным для турыстаў, але ператвараюць яго ў прытулак для дзікіх птушак.
![Vostraŭ Šova](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/5ox7veyyuta0d2j4ep6d1mmttr4fnnn8-h7nc8.png.webp)
Сярод іншых, тут жывуць чайкі, крачкі і кулікі. Унікальнасць Шовы — не толькі ў яго высокіх берагах, але і ў наяўнасці двух невялікіх унутраных азёр на вяршыні вострава. Гэтыя вадаёмы, якія захоўваюць сваю паўнаводнасць нягледзячы на размяшчэнне, ніжэйшае адносна ўзроўню навакольных вод, дадаюць востраву загадкавасці.
Замак
На возеры Мядзел, за 10 кіламетраў ад сучаснага горада, знаходзіцца загадкавы востраў Замак — чацвёрты па плошчы востраў Беларусі і найбуйнейшы на гэтым возеры.
![Vostraŭ Zamak](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/hzrcv5og2zmuon08wxjp9iz43k1mneqi-akwkk.jpg.webp)
У X-XI стагоддзях тут размяшчаліся драўляныя фартыфікацыйныя збудаванні, якія пазней замянілі на каменныя для ўзмацнення абароназдольнасці.
![Vostraŭ Zamak](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/2u3o81n1v25z4fb9b6rvs7s7703snwse-tleij.png.webp)
У XIV стагоддзі князь Гедымін згадваў пра Замак у пасланні Рыжскай гарадской радзе. Аднак у XV стагоддзі на востраў прыйшла эпідэмія чумы або халеры, якая, як мяркуецца, была занесеная купцамі. Эпідэмія прымусіла людзей пакінуць гэтыя месцы. Так Замак аказаўся закінутым. Археалагічныя раскопкі праводзіліся тут у XX стагоддзі неаднойчы, але востраў да гэтага часу застаецца маладаследаваным.
Турмас
Востраў Турмас на возеры Снуды здаўна служыў часовым прытулкам для рыбакоў. Невялікія памеры вострава не дазвалялі развіць паўнавартасную гаспадарку, але тут жылі тры сям’і, агулам каля 13 чалавек. Яны займаліся пераважна рыбнай лоўляй.
Рыбацкае рамяство мясцовых жыхароў асабліва квітнела ў XIX стагоддзі, калі возера было багатае на ракаў, якіх пастаўлялі нават у Прусію. Аднак у пачатку XX стагоддзя ракі тут практычна зніклі. Сёння на востраве можна ўбачыць рэдкія віды раслін, рыб і птушак.
![Vostraŭ Turmas](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/2dapfswtttcs4z8fu30nkkempyqc5t3b-hm2hm.jpg.webp)
Варта адзначыць, што гэта не адзіныя беларускія астравы. У многіх выпадках яны з часам сталі незаселеныя, але маюць надзвычай важнае значэнне для захавання розных відаў флоры і фаўны. З гэтай прычыны найчасцей беларускія астравы з’яўляюцца часткай запаведнікаў і нацыянальных паркаў.
Каментары
Струста. Я там спыняўся, вячэраў у "Струсьцянскім гасьцінцы".