Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах
Стала вядома, што Ігара Ільяша абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). Ягоную справу пачнуць разглядаць ужо 21 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Сяргей Кацар, піша «Вясна».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/2025-02-07211219-4j8h2.jpg.webp)
Пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам інфармацыі для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.
Жонка Ігара Ільяша — палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава). Яна была затрыманая 15 лістапада 2020 года падчас вядзення стрыму для «Белсата» з «Плошчы Перамен» у Мінску і з таго часу на волю не выйшла. Спачатку яе асудзілі на 2 гады зняволення за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», але незадоўга да заканчэння тэрміну правялі новы суд за «здраду дзяржаве» і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы.
Каментары