«Каб апынуцца ў бамбасховішчы, у цябе 6 секунд». Беларуска распавяла пра валанцёрства ў Ізраілі, у тым ліку побач з Газай
Беларуска Наталля Сацункевіч два тыдні правяла ў Ізраілі, дапамагаючы пацярпелым людзям і гаспадаркам. Яна пабывала і недалёка ад сектара Газа — распыталі ў яе, якая там сёння абстаноўка і якія настроі ў людзей.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at105106-vs13c.png.webp)
Наталля мае яўрэйскія карані і, яшчэ жывучы ў Беларусі, паўтара года вучыла іўрыт, таму змагла трапіць на валанцёрскую праграму «Ізраіль па праве нараджэння» для яўрэяў і іх нашчадкаў. Па яе ўмовах Наталлі часткова кампенсавалі кошт квіткоў, давалі жытло, медыцынскую страхоўку і грошы на ежу.
«У Ізраілі вайна (тое, што пачалося 7 кастрычніка 2023 года з масавай атакі ХАМАС на фестываль «Нова» і навокал, тут называюць вайной). І як заўсёды падчас такіх падзей ёсць патрэба ў дапамозе, у дадатковых руках, таму тут і з’явіліся адмысловыя валанцёрскія праграмы. Людзі бяруць адпачынкі на працы і едуць сюды», — расказвае Наталля.
Агулам культура валанцёрства, па назіраннях суразмоўцы, у краіне развітая моцна, людзі тут вельмі салідарныя і гатовыя прыйсці на дапамогу.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at104932-3k9tp.png.webp)
Шмат у якіх ізраільцян у працэсе вайны пацярпела жытло, некаторыя да гэтага жывуць у гатэлях, бо ім няма куды вярнуцца, таму яны маюць патрэбу ў дапамозе — многія арганізацыі на ахвяраванні збіраюць для такіх людзей (ці тых, хто мае маленькі даход) прадуктовыя кошыкі. Якраз праца на складах і фасоўка розных тавараў былі аднымі з галоўных абавязкаў беларускі. Таксама яна з «аднагрупнікамі» дапамагала мясцовым на фермах, у цяпліцах.
«Гэта так званае сельскагаспадарчае валанцёрства. Мы прыязджалі, напрыклад, у цяпліцу, дзе вырошчваюць агуркі, яна знаходзіцца досыць блізка да мяжы з сектарам Газа. Нам распавялі, што раней там працавала па спецыяльных дазволах шмат палестынцаў з Газы, а пасля вайны ў іх няма ўжо дазволу і, адпаведна, не хапае людзей. Плюс традыцыйна там працавала шмат грамадзян з Тайланда, некаторыя з іх таксама апынуліся ў закладніках. І пасля гэтага многія работнікі з’ехалі дадому, а новыя не прыехалі. Многія ізраільцяне, якія таксама працавалі ў такіх месцах, былі прызваныя ў войска.
Праз гэта сельская гаспадарка моцна цярпіць. Тут шмат невялікіх бізнэсаў, і некаторыя ўвогуле закрываюцца, бо ці ўласнік ідзе ў армію, ці ўсе работнікі разам. Гэта ўсё ўплывае на дабрабыт розных сямей. Агулам вайна з ХАМАС абыходзіцца вельмі дорага, і гэта яшчэ будзе мець наступствы для эканомікі і дабрабыту, тут не варта быць эканамістам, каб разумець», — кажа Наталля.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at104950-nqom4.png.webp)
Жанчына трапіла ў рускамоўную групу валанцёраў, дзе былі рускія, беларусы і ўкраінцы. Але агулам там можна было сустрэць людзей з розных куткоў свету. Асноўная база групы Наталлі знаходзілася ў Тэль-Авіве, і адтуль штораніцы а сёмай яны адпраўляліся на дапамогу ў розныя часткі краіны. За час валанцёрства Наталля паспела параздаваць людзям хлеб, пакаваць каробкі з побытавай хіміяй, пакеты, запоўненыя рознымі прадуктамі харчавання, падвязваць агуркі ў цяпліцах, сартаваць бэйбі-авакада і перцы, фарбаваць мэблю.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/pxl_20250129_115720960-jphru.jpg.webp)
«У адной арганізацыі за тры гадзіны мы раздалі больш за 550 пакетаў з ежай. Дарэчы, там людзі яе атрымлівалі не бясплатна, а за 25 шэкеляў (прыблізна 7 даляраў) пры сабекошце прадуктаў недзе 250 шэкеляў (70 даляраў). Гэта было зроблена адмыслова, каб людзі не адчувалі, што гэта кшталту міласціны. Уразіла, дарэчы, што амаль усе, хто да нас тады прыходзіў, аказаліся рускамоўнымі пенсіянерамі. Можа, гэта звязаная з тым што, горад Рышон-Лецыён, дзе мы працавалі, лічыцца досыць рускамоўным».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at105020-w3h1o.png.webp)
Таксама Наталля звярнула ўвагу, што на вуліцах шмат людзей у форме і са зброяй, але так было і раней, калі яна прыязджала ў мінулым.
«У Ізраілі служба ў войску абавязковая для хлопцаў і дзяўчат, і тут вельмі шмат розных падраздзяленняў. Пазіцыі падбіраюцца адмыслова пад чалавека і яго стан здароўя. Але калі ў сям’і адно дзіця, то заканадаўча забараняецца служыць у войску з баявымі задачамі. Выключэнне робяць, толькі калі сам чалавек моцна просіцца. Цывільныя таксама могуць атрымаць дазвол на нашэнне зброі».
Была Наталля і блізка да Газы. У тым ліку на месцы фестывалю «Нова», дзе здарылася трагедыя восенню 2023 года: у выніку нападу ХАМАС на фестывалі былі забітыя 364 чалавекі. Агулам у выніку дзеянняў ХАМАС у розных кібуцах і гарадах былі забіта каля 1200 чалавек, а 251 былі выкрадзеныя.
«Гэта жудаснае адчуванне, калі ты ходзіш па месцы фестывалю, дзе была вялікая сцэна, а там быў такі тэрарызм. Страшна ўявіць, як жыўцом выглядала тая крывавая разаніна, — апісвае свае эмоцыі Наталля. — Агулам гэтая сітуацыя для мяне вельмі сумная: бацькі маёй прабабулі былі забітыя ў мінскім гета ў 1942 годзе, Мы казалі пра ніколі зноў. Але вось людзей зноў забіваюць за тое, што яны яўрэі».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at105647-2g1cz.png.webp)
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at104958-xfchd.png.webp)
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at105004-g1fsq.png.webp)
Таксама Наталля наведала іншыя гарады, якія знаходзяцца недалёка ад Газы, падчас гэтага візіту з імі заўсёды побач быў спецыяльны ахоўнік.
«Мы былі, напрыклад, у Сдэроце. Калі ў Тэль-Авіве падчас ракетнага абстрэлу ў вас ёсць 90 секунд, каб апынуцца ў бомбасховішчы, то ў Сдэроце — 6 секунд.
Таму там наўпрост на вуліцы можна пабачыць бамбасховішчы, аўтобусныя прыпынкі зробленыя пад іх, з бетону. Я прыехала туды напрыканцы студзеня, і так супала, што якраз абвясцілі перамір’е, і пайшоў працэс вызвалення закладнікаў, таму самой мне не давялося чуць, як працуе сірэна. Я не трапляла ў бамбасховішча, толькі падчас трэніроўкі. Але тут заўсёды пра гэта кажуць і паказваюць, як у бамбасховішча трапіць — такая ізраільская рэчаіснасць і частка жыцця — разумець, што заўсёды можа нешта здарыцца. Ёсць і спецыяльны дадатак на тэлефон, які паказвае карту абстрэлаў».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/screenshot2025-02-07at110005-izsms.png.webp)
Наталля кажа, што, наколькі змагла зразумець падчас свайго знаходжання ў Ізраілі, сітуацыя там палітычна і сацыяльна працягвае заставацца складанай.
«У тым ліку праз тое, што тады, у кастрычніку 2023, армія не была падрыхтаваная да нападу, а пры гэтым усе думалі, што армія абароніць ад усяго — гэта выклікае пэўныя дыскусіі. Плюс тое, што бачу ў СМІ, дагэтуль не пачала працу камісія па расследаванні падзей 7 кастрычніка».
Наталля ў свой час была валанцёрам «Вясны», яна бачыць у валанцёрстве шмат каштоўнасці.
«У нас быў дэвіз: мы можам зрабіць гэты свет трошкі лепшым. І калі нешта аддаеш, то назад атрымліваеш нашмат больш. Я разумею, што часам за сваімі праблемамі не відаць магчымасцяў для валанцёрства, але я вельмі заклікаю паспрабаваць. Я чакала, што гэтае валанцёрства яшчэ больш мяне ўзбагаціць — так і выйшла».
Каментары
Тут (Харьков.Запорожье.Херсон) вначале прилёты.потм тревога.А если тревога и нет прилёта.то люди даже не реагируют.Устали три года по пять раз на сутки бегать в убежище
Каментар у дужках - ад Наталлі ці ад рэдакцыі? Неяк незразумела. А што ж гэта, калі не вайна? Спецаперацыя? Канфлікт? Гэта распачатая ХАМАСам вайна!