Знайшоўся дальнабойшчык, які містычна знік у Расіі на пачатку года
Дзмітрый Баханкоў, 25-гадовы дальнабойшчык з Магілёва, знік у Іркуцкай вобласці Расіі на трасе «Сібір» на пачатку года: 1 студзеня ён перастаў выходзіць на сувязь з блізкімі, а ноччу 3 студзеня паліцэйскія заўважылі яго адчыненую фуру без кіроўцы. Цяпер стала вядома, што з хлопцам усё добра — ён вярнуўся дадому.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_01/-f9mnz.jpg.webp)
Каля года Дзмітрый працаваў у фірме Cargo Line Smolensk, напрыканцы 2023-га ён паехаў у Манголію — гэта быў ягоны першы доўгі рэйс. Хлопец паспеў паскардзіцца родным 31 снежня, што праехаў 1800 кіламетраў за 27 гадзін, а паспаць змог толькі 2 гадзіны.
1 студзеня мужчына пакінуў фуру, узяўшы толькі свой пашпарт ды тэлефон — усе дакументы на груз засталіся ў незачыненай кабіне Mercedes.
Першыя сляды зніклага дальнабойшчыка знайшліся 6 студзеня: паліцыя Іркуцкай вобласці паведаміла, што Дзмітрыя бачылі каля кафэ «Шаман», якое знаходзіцца на ўездзе ў вёску Шаманаева Чарамхоўскага раёна. Там ён сеў у аўтобус, які ехаў да Іркуцка. У той жа час у мясцовых пабліках пачалі з’яўляцца паведамленні, што мужчына накіроўваецца ў Мінск.
На праваслаўнае Раство Дзмітрый патэлефанаваў маме з чужога тэлефона. У гэты ж дзень яго знайшла паліцыя і афіцыйна паведаміла пра тое, што з дальнабойшчыкам усё добра. Цяпер хлопец ужо дома ў Беларусі. Ніякіх дэталяў здарэння блізкія Дзмітрыя не распавядаюць, бо кажуць, што за тыдзень пошукаў атрымалі шмат негатыўных паведамленняў ад людзей, якія нават не былі знаёмыя з дальнабойшчыкам.
Каментары