У Расіі прадалі на аўкцыёне старажытную грамату аб наданні герба беларускай Дзісне
Грамата караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста аб наданні гораду Дзісна герба была прададзена на аўкцыёне ў Расіі, вынікае з інфармацыі на сайце аўкцыённага дома «Літфонд», піша Sputnik.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_11/1081258553_0-0-1460-976_1440x900_80_0_1_a041afc62349bee61957e4a56c0d2890-nh3yx.jpg.webp)
Гістарычны дакумент быў падпісаны 28 лютага 1567 года ў Кнышыне. Пісар Міхал Гарабурда склаў тэкст на старабеларускай мове і напісаў яго кірылічным скорапісам.
На ўнікальным гістарычным дакуменце ў золаце і фарбах відаць буйная рукапісная выява герба, які ўяўляў сабой гарадскую сцяну з трыма вежамі.
«Даем тому месту Дисненскому герб три вежи з муру, который герб и на сем листе нашом вымалевать есьмо казали», — гаворыцца ў грамаце.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/1081258531_0-0-1455-976_1440x900_80_0_1_9496dee37f1352760a3873295a4f983f-19345.jpg.webp)
Тэкст граматы вядомы даследчыкам, бо быў выдадзены ў 13-м томе «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі» ў 1886 годзе. Тады аўтары публікацыі спасылаліся на копію дакумента XVIII стагоддзя, а сам арыгінал граматы захоўваўся ў Віленскім магістраце.
Аўкцыён, на якім грамата была прададзеная за 750 тысяч расійскіх рублёў (каля 8,5 тысячы даляраў), адбыўся 16 лістапада. Звесткі пра прадаўца і пакупніка «Літфонд» не апублікаваў. Пячатка на дакуменце сведчыць, што, верагодна, грамата знаходзілася ў бібліятэцы роду Тышкевічаў.
Таксама ў дзень аўкцыёну былі прададзеныя яшчэ два дакументы з архіва Тышкевічаў, звязаныя з беларускай гісторыяй. Так, за 550 тысяч расійскіх рублёў прадалі грамату вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта III Якаву Мілеўскаму на землі ў Віленскім ваяводстве, а таксама грамату вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны Сфорцы манастыру святых пакутнікаў Барыса і Глеба ў Гродне.
Каментары