«Рашэнне было абсалютна імпульсіўным». Лявон Вольскі расказаў, як разбіў на канцэрце гітару
Учорашні канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні скончыўся нечакана — падчас «Трох чарапах» музыка разбіў аб сцэну сваю гітару. Выглядала, што ўчынак шакаваў нават некаторых яго калег па цэху.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_03/w84a5067fm8quu8mxj6z5o8tfovdtmor-l7i2e-704vp.jpg.webp)
Музыка з гуртом Volski выступаў з трохгадзінным канцэртам да Дня Волі ў клубе Loftas. У каментары для «Нашай Нівы» Лявон Вольскі адзначыў, што ім «было істотна сыграць гэты канцэрт менавіта ў Вільні». Да яго задоўга рыхтаваліся.
«З Вільняй звязаныя і праект VOLSKI, і «Крамбамбуля», ды наогул, прэзентацыя забароненага альбома «Драбадзі-Драбада» адбылася ў Вільні ў 2012 годзе, а праект VOLSKI уласна ў Вільні і прэзентаваў альбомам «Грамадазнаўства», таму адзначыць 105-ю гадавіну БНР тут было важна, што атрымалася, лічу, вельмі паспяхова. Не без дробных хібаў, але заўсёды, канешне, ёсць, што палепшыць», — сказаў музыка.
На пытанне, ці спадабаўся ён самаму сабе, адказаў:
«Да канца я сабе ніколі не падабаюся і лічу, што заўсёды можна вось тое і тое зрабіць лепей, да чаго і імкнуся».
«Наконт разбітай гітары падчас выканання песні «Тры чарапахі», — дадаў музыка. — То гітара была самая звычайная, а рашэнне яе разбіць — абсалютна імпульсіўным».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/kgtdl9lt9yxnj9trrn11vd196bclo7ea-neit6-3iq7c.jpg.webp)
Учынак Вольскага, здаецца, здзівіў нават джазмена Паўла Аракеляна, які на канцэрце быў запрошаным госцем.
Сёння Вольскі са сваёй камандай выправіўся ў Гданьск, дзе падменіць Маргарыту Ляўчук, бо яна часова не можа спяваць. Дарогаю ў машыне музыкі скончылася паліва, але гісторыя скончылася хэпі-эндам.
«Ехалі мы, ехалі і знянацку на аўтабане пад Сувалкамі заглухлі. Паліва было няшмат (акурат хацелі запраўляцца), але камп'ютар паказваў, што хапае на 100 км. І вось стаім мы такія на ўзбочыне, побач праносяцца страшныя фуры…» — напісаў Вольскі ў фэйсбуку.
Чакаючы выратавальны эвакуатар, каманда ўзнялася на пагорак і стала святкаваць Дзень Волі, спяваючы патрыятычныя хіты.
«На гэтыя пазітыўныя гукі прыехаў эвакуатар, завёз нас на запраўку, мы залілі поўны бак, завяліся і паехалі. Вось што Дзень Волі жыватворны робіць!» — супакойвае Лявон Вольскі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
не умеешь пукать, так не мучай попу