Жыхары Славакіі сабралі больш за два мільёны еўра на куплю снарадаў для Украіны
Яны зрабілі гэта пасля таго, як улады краіны адмовіліся падтрымаць ініцыятыву Чэхіі па зборы сродкаў і пошуку боепрыпасаў для Кіева
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_01/bachmut_ap240117-oexkd.jpg.webp)
Суму сабралі менш чым за двое сутак. У кампаніі, якая праходзіць пад лозунгам «Калі ўрад не можа — зможам мы», узялі ўдзел больш за 32 тысячы чалавек, піша Бі-бі-сі.
Збор сродкаў дапамог запусціць 99-гадовы Ота Шымко, які браў удзел у славацкім паўстанні супраць нацыстаў у 1944 годзе і перажыў Халакост.
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца пакуль ніяк не каментаваў поспех гэтай ініцыятывы.
Міністр абароны краіны Роберт Каліняк заявіў, што Славакія — дэмакратычная краіна і яе жыхары могуць рабіць, што хочуць. Урад, паводле яго слоў, замест ваеннай дапамогі будзе прадастаўляць Кіеву іншую дапамогу, напрыклад, з размініраваннем.
Партыя Роберта Фіца «Курс — сацыяльная дэмакратыя» перамагла на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі ў Славакіі 30 верасня 2023 года. Пасля гэтага ўрад Славакіі заявіў, што спыняе адпраўку ваеннай дапамогі Украіне.
Каментары