Анастасія Нюфер з ЗША, вызваленая ў Беларусі ў дзень выбараў, апублікавала першае фота
«Усім дабра», — падпісала яна фота.
Пра вызваленне Анастасіі Нюфер стала вядома 26 студзеня, у дзень выбараў.
Тады дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа паведаміў пра вызваленне ў Беларусі амерыканскай грамадзянкі. Прычыны затрымання дыпламат не назваў, але падкрэсліў, што Анастасія — «бязвінная амерыканка».
Анастасія — ураджэнка Беларусі. Яна нарадзілася ў Мінску ў 1977 годзе, цяпер ёй 48 гадоў. Дзявочае прозвішча жанчыны — Ражкова.
Анастасія двойчы была замужам, у першым шлюбе Патнэм, таму такое прозвішча ў інстаграме.
У 2013 годзе Анастасія выйшла замуж другі раз за Шэлдана Нюфера, таксама грамадзяніна ЗША. У жанчыны ёсць сыны-двайняты — Аляксандр і Шон. Хлопцам ужо па 22 гады.
Паводле даных публічнага амерыканскага сэрвісу пошуку людзей, сыны жывуць з маці ў горадзе Ален, штат Тэхас.
Амерыканскае інфармацыйнае агенцтва Associated Press са спасылкай на Дзяржаўны дэпартамент ЗША паведаміла, што Нюфер была затрыманая ў Беларусі ў пачатку снежня 2024 года. Афіцыйна прычына не названая, але ананімны былы высокапастаўлены беларускі дыпламат расказаў АР, што гэта звязана з пратэстамі 2020 года.
Каментары