Чарга з 1000 велікагрузаў на ўезд у Беларусь сабралася перад польскім пунктам пропуску «Кукурыкі» (з беларускага боку «Казловічы»), паведамляюць польскія СМІ.
![Чарга з фураў на мяжы](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_05/098262_r0_940-es1qi.jpg.webp)
Бягучы час чакання з боку пункта «Кукурыкі» складае ажно 33 гадзіны. За мінулую 12-гадзінную змену (другая палова чацвярга 11 мая) у абодвух напрамках было аформлена 249 грузавікоў.
На выезд з Беларусі ў польскі бок па стане на 14:00 12 мая ў чарзе знаходзіцца 15 фур.
Чэргі на мяжы ўтвараюцца з-за таго, што 9 мая каля мытнага тэрмінала «Карошчын» пры памежным пункце «Кукурыкі» пачалася санкцыянаваная польскімі ўладамі акцыя пратэсту польскіх перавозчыкаў. Іх патрабаванні: забараніць уезд у Польшчу расійскім і беларускім паўпрычэпам і прыняць меры ў дачыненні да транспартных кампаній, якія беларусы і расіяне стварылі на тэрыторыі Польшчы.
Дазвол на правядзенне акцыі быў выдадзены польскімі ўладамі на перыяд з 9 мая па 9 чэрвеня 2023 года.
Каментары