Пасол Украіны па асаблівых даручэннях Ігар Кізім пакінуў сваю пасаду
Былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пакідае пасаду пасла па асаблівых даручэннях па Беларусі. Пра гэта ён паведаміў у фэйсбуку.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/mvs_9161-4gvzp.jpg.webp)
«Сёння я прыняў рашэнне звольніцца з дыпламатычнай службы і пайсці «на заслужаны адпачынак» з чыста асабістых меркаванняў. У кожнага чалавека надыходзіць момант, калі разумееш, што ўзрост бярэ сваё і нельга аддавацца сваёй працы на 100 працэнтаў. Я не магу працаваць па-іншаму, і ў цяперашніх умовах лічу гэта несумленным у адносінах да службы, якой прысвяціў амаль усё сваё жыццё», — напісаў ён.
Ён дадаў, што не мае намеру «кідаць усё і далучацца да «канапных пенсіянераў», і лічыць, што зможа прынесці карысць у тых сферах, дзе досвед і кампетэнцыі будуць карысныя.
«Спадзяюся, камусьці яны спатрэбяцца для разумення сітуацыі ў/вакол Беларусі, а таксама яе магчымага развіцця. Мяркую, што гэта пэўны падсумак маёй «грамадскай» працы на пасадзе, якую пакідаю. Што будзе далей — паглядзім. І цяпер я хацеў бы падзякаваць сваёй сям'і, усім маім сябрам і калегам, якія падтрымлівалі мяне ўсе гэтыя гады, незалежна ад таго, што мы разам перажылі і якія пасады займалі. Дзякуй усім. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — рэзюмаваў ён.
У інтэрв'ю дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ» Кізім называў ганьбай, што Украіна не вырашыла пытанне з пашпартамі і іншымі дакументамі беларускіх ваяроў: «Беларусы — гэта найбольшая этнічная група ў шэрагах Узброеных сіл Украіны. Як толькі яны падпісваюць кантракт з УСУ і далучаюцца да аднаго з беларускіх фармаванняў, у Беларусі іх аўтаматычна прызнаюць тэрарыстамі.
А калі ў гэтых людзей заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, з якім яны ўехалі ва Украіну, для яго прадаўжэння трэба ісці ў беларускае консульства. Яно тут не працуе, бо няма пасольства».
Каментары