У чацвер у Віцебску пахавалі грамадскага дзеяча Іосіфа Навумчыка, ягоны сын, журналіст Сяргей Навумчык у сваім фэйсбуку падзякаваў людзям за памяць.
«Ад сябе і ад сястры, ад нашых сем’яў, ад нашай маці дзякую ўсім, хто выказаў спачуванне. Вялікі дзякуй тым, хто прыйшоў развітацца з бацькам. Людзей было вельмі шмат. Дзякую і ўладам, прадстаўнікоў якіх не было ніводнага на развітанні з чалавекам, які шмат зрабіў для Віцебска і Віцебшчыны, калі быў адным з кіраўнікоў горада і вобласці — іх прысутнасць, з улікам стаўлення бацькі да рэжыму, сапраўды выглядала б недарэчна», — напісаў ён.
«Прыкра, канешне, што ў надпісе на крыжы зроблена памылка ў імя па бацьку — гэта не віна сям’і, мы перадалі правільны тэкст. Нам было важна, каб па-беларуску, у тым ліку і набажэнства (яно і было па-беларуску). Магчыма, камусьці гэта падасца неістотным у такі момант, але для нас гэта важна, у тым ліку і дзеля памяці бацькі, бо ён быў адным з заснавальнікаў ТБМ і чвэрць стагоддзя ўзначальваў віцебскае абласное аддзяленне. На помніку будзе, як трэба».
Немагчымасць аддаць апошні пацалунак роднаму чалавеку, прыехаць туды, куды рвуцца душа і сэрца, — гэта спазнаюць усё больш маіх сяброў і знаёмых. Гэта самае цяжкае ў эміграцыі», — напісаў Сяргей Навумчык.
Каментары