Беларуску без тлумачэння прычын знялі з рэйса ў мінскім аэрапорце і адправілі ў РУУС
У TikTok менш чым за суткі завірусілася відэа мінчанкі і набрала больш за 400 тысяч праглядаў. У ім яна распавяла, як днямі яе без тлумачэння прычын не выпусцілі з Беларусі ў Грузію, заўважыў Citydog.by.
Карыстальніца пад нікам Browka.kate падзялілася, што некалькі дзён таму разам з мужам і сябрамі збіралася ляцець у Тбілісі, а адтуль — у горы катацца на снаўбордзе. Усё ішло па плане: білеты набытыя, багаж здадзены, рэгістрацыя пройдзеная. Але на пашпартным кантролі здарылася тое, чаго яна зусім не чакала.
Па яе словах, пасля рэгістрацыі на рэйс, здачы багажу і праходжання дагляду заставалася толькі прайсці пашпартны кантроль. «Калі вы былі ў мінскім аэрапорце, то ведаеце гэтыя кабінкі з празрыстымі дзвярыма. Уласна, за якімі ўсе стаялі і чакалі мяне», — распавяла дзяўчына ў відэа.
Па яе адчуваннях, яна правяла там нейкую «бясконцую колькасць часу» і была засмучаная, што памежнікі нічога ёй не тлумачылі, а проста забралі дакументы. Аднак праз некаторы час падышоў яшчэ адзін супрацоўнік і пачаў задаваць стандартныя пытанні: куды, навошта і з кім яна ляціць?
«Хвілін праз 15 да мяне падыходзіць усё той жа мытнік і кажа, што я не пакіну межы Рэспублікі Беларусь. Мяне здымаюць з рэйса», — падзялілася мінчанка.
Пасля гэтага ў яе пачалася істэрыка і поўнае неразуменне сітуацыі. Яна папрасіла патэлефанаваць мужу — яго вывелі з зоны д'юці-фры, і разам яны спрабавалі высветліць, у чым справа. Тады памежнікі сказалі ім наступнае: «Мы не ведаем прычын. Проста стаіць забарона на выезд. Едзьце ў РУУС па месцы рэгістрацыі».
У выніку муж дзяўчыны адмовіўся ляцець без яе, і іх абаіх знялі з рэйса. Багаж вярнулі, білеты — не. Адзінае, што атрымалася кампенсаваць, — гэта 100 еўра за спартыўнае абсталяванне ў багажы.
Але самае абсурднае, паводле слоў дзяўчыны, здарылася на наступны дзень. У РУУС і судзе высветлілася, што «абмежаванне на выезд» знялі праз суткі. «Я сядзела ў кабінеце ў суддзі і адчувала сябе поўнай ідыёткай.
Мне проста сказалі: «Так, гэта абсурд, але ў нас такая сістэма». Ні я, ні яны нічога з гэтым зрабіць не маглі»».
Дзяўчына дадала напрыканцы, што «няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці».
Пасля яна апублікавала яшчэ адно відэа, дзе больш патлумачыла падрабязнасцяў. Паводле яе слоў, забарона на выезд «ніяк, абсалютна ніяк не звязана з палітыкай».
У яе таксама «не было неаплачаных штрафаў, не было ніякіх даўгавых абавязацельстваў».
Яна кажа, што ўлетку 2024 года ў судзе брала дакумент, які пацвярджае, што на ёй няма ніякіх даўгавых абавязацельстваў, няма ніякіх абмежаванняў. Яна яго атрымала.
А ў выніку яе не выпусцілі з краіны.
Аказалася, што за 2020 год у яе было абмежаванне праз нейкую нявыплату, «якая была выплачана ўжо вельмі даўно».
«Я пытаюся, як так атрымліваецца, калі я была летам дваццаць чацвёртага года тут, і мне далі дакумент, што ўсё ў парадку. А насамрэч ёсць нейкае абмежаванне. Адказ: я не ведаю».
Таксама высветлілася, што ў дзяўчыны стаіць і абмежаванне на кіраванне транспартам, хаця ў жніўні дваццаць чацвёртага года яна мяняла пасведчанне і атрымлівала новую катэгорыю, і ўсё было ў парадку.
«Я не разумею абсалютна, як я павінна была прадбачыць або зразумець пра існаванне такіх момантаў, але атрымалася, як ёсць, — кажа яна і дадае. — Спадзяюся, гэтая гісторыя нарэшце скончылася. Хоць, будзем чэсныя, гэта малаверагодна».
Каментары