Колішняе паветра, замарожанае ў лёдзе, дае адказ на самае важнае пытанне сучаснасці
У старажытным лёдзе захавалася паветра, якое дае разуменне, як далей можа ісці змяненне клімату.
Калісьці ледавіковыя перыяды адбываліся кожныя 40 000 гадоў. Аднак прыкладна мільён гадоў таму гэты цыкл змяніўся: цяпер планету падмарожвае раз на 100 000 гадоў.
Гэты феномен звязаны з перыядам сярэдняга плейстацэну (1,2—0,7 млн гадоў таму), як вынікае з даследаванняў NASA.
Каб зразумець, чаму так адбываецца, навукоўцы на працягу чатырох гадоў здабывалі лёд з глыбінь Антарктыды, — піша The Wall Street Journals. Самы глыбокі пласт, што замёрз ад 900 000 да 1,2 мільёна гадоў таму, захоўвае ў сваіх нетрах гісторыю клімату. Аналіз паветраных бурбалак у гэтым пласце дапаможа вызначыць:
- тэмпературу планеты на момант утварэння гэтага пласта,
- кліматычныя ўмовы таго часу,
- узровень вуглякіслага газу і іншых кампанентаў.
«Гэта свайго роду машына часу», — адзначае Карла Барбантэ (Carlo Barbante), палеакліматолаг з венецыянскага ўніверсітэта Ка’Фаскары, які кіруе даследаваннем.
Атрыманыя даныя дазволяць лепш прагназаваць змены клімату. «Калі мы дакладна не разумеем, чаму клімат Зямлі так моцна змяняўся ў мінулым, у нас будзе мала ўпэўненасці ў нашых прагнозах на будучыню», — кажа Джон Хігінс (John Higgins), геахімік з Прынстанскага ўніверсітэта.
Больш за 200 навукоўцаў з 10 краін працавалі на станцыі Little Dome C, размешчанай прыкладна за 1000 км ад Паўднёвага полюса.
На працягу чатырох антарктычных летаў яны даставалі стрыжні лёду даўжынёй 4,5 метра і дыяметрам 10 см. Сумарная даўжыня здабытага лёду — 2800 метраў, што ў тры разы перавышае вышыню хмарачоса Бурдж-Халіфа ў Дубаі.
Лёд здабывалі з дапамогай спецыяльнага бура — трубы з лопасцямі, — якая праразала глыбіню. На паверхні сегменты ачышчалі, упакоўвалі ў пластык і адпраўлялі ў лабараторыі Еўропы.
«Гэта значнае навуковае дасягненне, — падкрэслівае Хігінс. — Сапраўды відовішчная праца».
Каментары