Ціханоўская: «Апошні раз я чула голас мужа чатыры гады таму». Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада 700 дзён
Святлана Ціханоўская выказалася пра 700 дзён утрымання мужа ў рэжыме інкамунікада.
«Апошні раз я чула голас мужа больш за чатыры гады таму. У мяне было ўсяго пяць хвілінаў, каб падтрымаць яго, расказаць пра дзяцей, спытаць пра здароўе.
Тады я яшчэ не ведала, што нам больш не дазволяць пагаварыць. Часта ўспамінаю тую размову і думаю, што яшчэ магла б сказаць…», — паведамляе Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.
«Вось ужо 700 дзён [амаль два гады, з канца лютага 2023 года — НН] ад Сяргея няма навінаў. Я не ведаю, ці атрымлівае ён віншаванні з днём нараджэння, ці бачыў паштоўкі, намаляваныя дачкой. Не ведаю, калі зноў змагу пачуць ягоны голас. Нават адзін дзень без вестак ад блізкага чалавека — гэта ўжо нагода для трывогі. Разам з Карнеем і Агніяй мы жывём у гэтай трывозе ўжо некалькі гадоў.
Але я ўпэўненая, што ён адчувае нашую падтрымку. Што ягоная ўнутраная сіла з ім. І нават за гэты час без сувязі — ён надае гэтую сілу і мне. Мы не спынімся, пакуль Сяргей і ўсе палітвязні не будуць на волі», — напісала нацыянальная лідарка.
Каментары
Ці чула Святлана Ціханоўская гэты зварот яе мужа да яе?
Мы чулі. А Света?