«Бачу, што павялічваецца разрыў паміж тымі, хто з’ехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся. Абодва бакі крыўдзяцца адзін на аднаго. Я за тое, каб людзі разумелі, што наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%», — кажа самбіст-чэмпіён Сцяпан Папоў. Нічога не мінула: «Калі ты маўчыш, ты копіш гэта ў сабе, і яно вылезе так, што мала не пакажацца». І расказвае пра сваё адкрыццё Еўропы. «У Еўропе любы кур’ер на ровары зарабляе больш, чым у Беларусі чэмпіён свету». «Галоўны вораг — ідэі «рускага свету», — прыходзіць да высновы Папоў. Вялікая гутарка з «Нашай Нівай» пра эміграцыю, спартыўнае супраціўленне і арышт паплечніка, а таксама пра тое, што зараз мусіць рабіць кожны беларус.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_11/ezgifcom-gif-maker91-693fi.jpg.webp)
Пра пераезд у Польшчу
Папоў з’ехаў з Беларусі больш за год таму, падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа. Спачатку накіраваўся ў Турцыю, дзе хацеў правесці адпачынак і заадно паглядзець, як будуць развівацца справы на радзіме. Потым беларус зразумеў, што дахаты вяртацца небяспечна, і застаўся ў Турцыі, дзе праходзіў анлайн-навучанне па працы.
Пазней Сцяпан апынуўся ва Украіне, а потым туды прыйшла вайна. Расказвае, што думаў пазбегнуць другога выгнання, але паразмаўляў з сябрамі — украінскімі самбістамі — і ўбачыў, што яму няма чаго рабіць ва Украіне:
«У Кіеве было небяспечна з беларускім пашпартам — было незразумела: ці прыйдуць рускія, а для рускіх я вораг, і ўкраінцы таксама могуць мяне так успрыняць. Паехаў у Львоў, убачыў, як там хлопцы служаць у тэрабароне, і зразумеў: гэта іх краіна, і яны яе будуць абараняць да апошняга. У мяне заканчваўся тэрмін дзеяння дакументаў, і трэба было выехаць, таму я паехаў у Польшчу».
Цяпер Сцяпан ва Уроцлаве — вялікім горадзе на паўднёвым захадзе Польшчы. Самбіст расказвае, што гэта горад з добрай беларускай суполкай, які трошкі нагадвае Мінск: «Падобны па плошчы, не надта маленькі і не надта вялікі, людзей жыве трошкі менш, чым у Мінску. Няма хмарачосаў, як у Варшаве, нічога не напружвае, прыгожы стары горад. Спадабалася, што ён адзін з самых цёплых у Польшчы, побач знаходзяцца Чэхія і Германія, так што размяшчэнне дужа добрае».
У жніўні гэтага года да беларуса прыехала жонка з дзецьмі, і разам яны часта падарожнічаюць па краіне.
Сам Папоў мае дзве падпрацоўкі, апісвае іх як «фізічную і звязаную з працай на камп’ютары», а таксама набірае ахвотных патрэніравацца ў яго. Сваю залу мужчына пакуль адчыняць не гатовы, расказвае, што няма жадання зараз працаваць над гэтым 24 на 7
і прызвычайвацца да жыцця ў Польшчы, хаця і кажа, што польскі менталітэт яму падаецца блізкім да беларускага. Чакае, што будзе далей, і назірае за падзеямі ва Украіне.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/photo_2022-11-18_14-24-24-1df7n.jpg.webp)
Спартсмен дзеліцца назіраннямі па вечнай тэме беларусаў, хто пакінуў краіну і не пайшоў на гэта:
«Бачу, што павялічваецца разрыў паміж тымі, хто з’ехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся. Абодва бакі крыўдзяцца адзін на аднаго, заклікаюць да нечага. Я за тое, каб людзі разумелі, што наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%.
Не трэба далучаць да іх тых, хто маўчыць, бо яны ператворацца ў 60—70%.
Ад гэтых 3% трэба аддзяліцца, а ўсім астатнім варта быць разам. Абавязкова будзе другая хваля пратэсту, і абавязкова будзе горш. Да гэтага трэба рыхтавацца і маральна, і фізічна, працаваць над сваёй свядомасцю. А яшчэ
трэба дапамагаць адно аднаму, і, калі будзе другая хваля, быць разам, каб паказаць нашу моц і адзінства. Толькі так мы зможам стаць сапраўднымі беларусамі і абараніць сваю краіну, а потым будзем разбірацца адно з адным, бо галоўны вораг — рускі свет».
Папоў дапускае, што будзе праводзіць беларускамоўныя трэніроўкі па самба. Тлумачыць гэта тым, што на радзіме цяпер быць беларусам цяжка, але можна стаць сапраўдным беларусам і тады, калі ты адтуль з’ехаў, быць беларусам у душы і не забываць пра гэта, вывучаць мову, гісторыю і астатняе, чым мы адрозніваемся. Сцяпан таксама лічыць, што як спартсмен ён мусіць паказваць беларусам, што трэба трымаць сябе ў добрым фізічным стане.
Пра Фонд спартыўнай салідарнасці і маўклівых спартсменаў
Па магчымасці Сцяпан дапамагае Беларускаму фонду спартыўнай салідарнасці: падтрымлівае антываенную дэкларацыю ад БФСС, прапаноўваў усім знаёмым спартсменам яе падпісаць. Папоў мяркуе, што ва ўмовах вайны дзейнасць фонду дапамагае захаваць добрае стаўленне да беларусаў: «Тое, што мы можам — гэта наладжваць адносіны праз спорт, і я за тое, каб кожны з нас размаўляў з украінскімі спартсменамі, даносіў да іх, што мы не за рускіх, што мы, беларусы, жадаем жыць вольна і мы супраць Лукашэнкі і яго незаконнай улады.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/ezgifcom-gif-maker82-fe3lv.jpg.webp)
Калі не будзе такіх спартсменаў, як мы, якія адкрыта падтрымліваюць Украіну, то чым мы адрозніваемся ад рускіх? Нічым. Гэта будзе азначаць, што мы за вайну, што мы хочам быць Расіяй і з Расіяй, гэта значыць, супраць Украіны і Еўропы. Тады будзе цяжка ўсім беларусам: і тым, хто з’ехаў, і тым, хто застаўся».
Беларус расказвае, што для яго маўчанне ў такія часы амаль што роўнае падтрымцы вайны, але ў той жа час ён не жадае заклікаць сваіх калег адкрыта выказвацца. Калі хтосьці публічна маўчыць, але нешта піша ў асабістыя паведамленні ўкраінцам, нешта данаціць, то гэта, лічыць Сцяпан, не маўчанне. Цяпер у Беларусі адкрыта выказваць сваю пазіцыю нельга, і рэч не толькі ў палітыцы: «Калі адкрыта адмовіцца выступаць на спаборніцтвах з рускімі, будзеш пакараны, і нават калі адмовішся ад нечага непалітычнага і скажаш «не» трэнеру ці некаму вышэйшаму, гэта будзе лічыцца ледзь не здрадай».
У беларускім спорце ўсё часцей ставяць на кіруючыя пасады людзей з неспартыўным мінулым, у тым ліку былых сілавікоў, разладу нямала спрыяюць і спартыўныя санкцыі за ўдзел Беларусі ў вайне. Папоў прагназуе, якім у такіх умовах стане айчынны спорт:
«Хутка грошай у спорце стане менш, бо праз бан на міжнародных спаборніцтвах людзі не атрымаюць за іх стыпендыі. У нейкі момант спартсмены пачнуць казаць, што ім нічога не плацяць, паставілі над імі чалавека, які зусім у спорце не разбіраецца і прапануе ім змагацца за 300 рублёў».
Сцяпан нагадвае пра новы закон для ІП, якія не маюць права кінуць працу — нават калі не атрымліваюць прыбытку, павінны працаваць у мінус. Такім жа, мяркуе ён, будзе і стаўленне да спартсменаў — яны будуць працаваць за капейкі і не здолеюць пакінуць спорт: «Калі спартсмены скажуць, што не жадаюць трэніравацца ў такіх умовах, гэта будзе лічыцца здрадай, трэба працаваць без права звольніцца. Такое будзе паўсюль, не толькі ў спорце. Выказваць сваё меркаванне нават па непалітычных тэмах — здрада для гэтай улады, ты павінен маўчаць і рабіць усё, што кажуць».
Навошта тады людзі застаюцца ў беларускім спорце? Папоў лічыць, што большасць чакае перамен, шмат і тых, каму няма куды сыходзіць і чым заняцца. У спартсменаў яшчэ ёсць надзея, што яны паедуць на новую алімпіяду, хаця і невялікая. Прадстаўнікі неалімпійскіх відаў спорту будуць, як і раней, ездзіць на турніры, але гэта не той спорт, што патрэбны рэжыму, каб паказваць сваю ўладу і сцяг на спаборніцтвах, ды і сцяга ўжо не будзе.
Сам Сцяпан не верыць у тое, што афіцыйная беларуская дэлегацыя будзе на Гульнях-2024, бо ўжо ідуць кваліфікацыйныя турніры, дзе даюць ліцэнзіі на Гульні, і беларусы да іх не дапушчаныя. Якая алімпіяда з рускімі, пытаецца самбіст? А беларусы ж выбралі адзіны шлях з Расіяй.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/photo_2022-11-18_14-24-18-xuq7n.jpg.webp)
Але ж усё гэта не значыць, што беларусаў на Гульнях не будзе: «Фонд [спартыўнай салідарнасці] спрабуе зрабіць так, каб беларускія спартсмены змаглі выступаць на алімпіядзе, але толькі тыя, хто адкрыта выкажацца супраць вайны. Бо спартсмен не мусіць маўчаць, ён павінен быць рупарам міру. А калі спартсмен лепіць на сябе літару Z ці адкрыта падтрымлівае дзеянні нелегітымнай улады, якая катуе свой народ, гэта ўжо не спартсмен, а прапагандыст».
Таксама, расказвае Сцяпан, Фонд спрабуе неяк захаваць спорт у Беларусі. Бо калі атлеты будуць разумець, што спорту на радзіме не будзе, тыя з іх, каму ўзрост яшчэ дазваляе, будуць з’язджаць і спрабаваць выступаць за мяжой. Але трэба не толькі дапамагаць, але і мець інструмент пакарання для тых, хто падтрымлівае ўладу і вайну. Ім, лічыць Папоў, не месца на міжнародных турнірах — няхай змагаюцца адно з адным ці з тымі расіянамі, якія таксама за вайну.
Пра затрыманне Хамутоўскага і ролю спартыўнага супраціўлення
У канцы верасня беларусаў шакаваў арышт Васіля Хамутоўскага, знакамітага брамніка, які прыехаў у Мінск на лячэнне. Цяжка яго ўспрыняў і Папоў, які добра ведае Хамутоўскага: «Васіль выказаў сваю пазіцыю, на якую ён меў поўнае права. Ён выступіў супраць вайны, бо знаходзіўся шмат часу ва Украіне і ведаў усё, што там адбываецца. Пасты яго былі лайтовыя, ён шмат выязджаў з Беларусі і прыязджаў туды. Васіль не быў такім актыўным, як я, які з’ехаў і можа выказвацца адкрыта.
Зразумела, што гэта была помста з боку рэжыму, паказчык яго слабасці.
Не маю ніякага страху праз усё гэта, адчуваю толькі злосць і жаданне рабіць нешта далей.
Шмат каго пасля арышту Хамутоўскага здзівіла, што такі вядомы дзеяч спартыўнага супраціўлення наведваў Беларусь. Але, тлумачыць Сцяпан, брамнік хацеў з’язджаць з краіны толькі па працы, бо ведаў, што Беларусь — яго краіна, законы якой ён не парушаў. Васіль шмат разоў ездзіў у Беларусь, да арышту ён правёў там шмат часу і зрабіў аперацыю, там яго сям’я. Таму ён і не быў дужа актыўны, бо разумеў, што цяпер, кажа Папоў, трэба жыць па правілах рэжыму.
Цяпер, праз два гады пасля нараджэння спартыўнага супраціўлення, Сцяпан ацэньвае яго ролю высока — настолькі, што гэтага не чакаў рэжым. Спартсмены, тлумачыць ён, гэта нібыта міжнародныя дыпламаты, якія не замазаныя ў палітыцы. Яны праслаўлялі нашу краіну, ды і спорт асацыіруецца з сілай, цярпеннем, мэтанакіраванасцю.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/ezgifcom-gif-maker10-opkag.jpg.webp)
Цяпер, кажа Папоў, мы зразумелі, што гэтыя асацыяцыі не заўжды апраўданыя, але ў жніўні 2020-га было не так: «Калі шмат спартсменаў — высокіх, моцных, прыгожых — выйшла з вялікім банерам у першых шэрагах натоўпу, гэта было вельмі эмацыйна.
Супраціўленне 2020 года — гэта ж збольшага эмоцыі, гэта не нешта спланаванае і ўзброенае. Усе адчувалі гэтыя эмоцыі і дух беларускага адзінства, усе падтрымлівалі адно аднаго, і спартсмены былі часткай гэтага духу.
Яшчэ і спартыўныя санкцыі шмат на што паўплывалі, гэта былі важныя перамогі: адмена чэмпіянатаў свету па хакеі і пяціборстве, зняцце Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта НАК, тую пасаду заняў яго сын, але яго таксама дагэтуль не прызнаюць у МАК, іншыя санкцыі. Гэта важныя крокі нашага руху, якія паўплывалі на агульны пратэст».
Вайна ва Украіне, расказвае Сцяпан, прымусіла шмат у кім расчаравацца — і сярод беларусаў, і сярод расіян. Людзі, разважае самбіст, сыходзяць ад свайго ўсведамлення, ад разумення важных рэчаў, і аддаюць свой розум прапагандзе. Ёсць тыя, хто мае ў гэтым свае мэты і карысць, але шмат хто проста выбірае лёгкі шлях, верыць у тое, што яму даюць пад нос, і не хоча разбірацца. Папоў робіць выснову:
«Наша барацьба будзе доўгая і будзе залежаць ад усвядомленасці беларусаў, але Украіна мае тую моц, якая можа абудзіць яе, як мабілізацыя гэта робіць з расіянамі.
Без перамогі над расійскай уладай будзе вельмі цяжка вызваліць Беларусь. Расійская прапаганда прамывае беларусам мазгі, і за год пасля таго, як я з’ехаў, краіна стала зусім іншая. Прапаганда дабралася да маіх знаёмых, якія лічаць, што расійскія вайскоўцы нас ахоўваюць ад нападу Польшчы. Хаця вайна — гэта і дрэнна, але яна паскарае працэс эвалюцыі свядомасці. І справа кожнага беларуса — змагацца і даносіць спачатку да кожнага навокал, а потым і да ўкраінцаў, што мы з імі і мы за ўсвядомленасць».
Пакуль ідзе гэты працэс, Папову не хочацца прызвычайвацца да жыцця ў Польшчы — тым не менш, ён ходзіць на курсы па польскай мове. Збіраецца праводзіць трэніроўкі, але будзе рабіць гэта не дзеля грошай, бо яму ёсць дзе зарабіць.
У Еўропе, заўважае Сцяпан, гэта нашмат лягчэй, чым у Беларусі, бо любы кур’ер на ровары тут заробіць больш, чым у Беларусі чэмпіён свету.
У часы, калі Папоў яшчэ быў у беларускім самба, прэзідэнцкая стыпендыя за чэмпіёнства свету складала 1500 рублёў, гэта 600 даляраў, а кур’еры ў Польшчы, калі хутка ездзяць на ровары, зарабляюць 1000—1500 даляраў. У Еўропе, тлумачыць беларус, атрымаць 1000 даляраў заробку няцяжка, а стаць чэмпіёнам свету не надта проста, тым больш стыпендыю табе даюць на год-два.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/ezgifcom-gif-maker11-b5hez.jpg.webp)
«У самба такія заробкі, можа, і зараз застануцца, бо самбістаў не забанілі на міжнародных турнірах. Нікому ў МАК гэты спорт не цікавы, бо баняць у першую чаргу ў алімпійскіх відах спорту, але дабяруцца і да самбістаў. Нават для беларусаў самба — гэта цяпер мазоль: маўляў, мы, прызёры алімпійскіх відаў спорту, не можам атрымаць прэзідэнцкую стыпендыю, а самбісты паехалі і атрымалі 30 стыпендый. Шмат краін байкатуюць цяперашнія турніры па самба, і моцныя спартсмены туды не паедуць, бо самба — гэта цалкам расійскі від спорту, які залежыць ад расійскіх грошай. Калі Украіна перастала ўдзельнічаць у турнірах па самба, яна заклікала і іншыя краіны адмовіцца ад гэтага, але шмат хто туды паехаў, каб атрымаць расійскія грошы.
Самба ператворыцца ў адзін з нацыянальных відаў спорту, які будзе аплачваць Расія. Такіх відаў шмат, тая ж барацьба на паясах. А самба як міжнародны від спорту будзе паміраць і перастане цікавіць хоць некага. Калі прыйдзе час разбірацца, што такое самба і хто яго спансуе, яно пазбавіцца любой міжнароднай падтрымкі», — падсумоўвае Сцяпан.
Што да палітыкі, то сам рэжым сваімі дзеяннямі штурхае, каб тыя, хто за свабоду, працягвалі змагацца. Так, людзей, хто ўнутры краіны, арышты пужаюць і прымушаюць маўчаць.
«Але калі ты маўчыш, ты копіш гэта ў сабе, і яно вылезе так, што мала не пакажацца».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары