Культура55

Выйшла кніга пра беларускую моладзь пасля 2020 года

У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла першая кніга відэаблогера Макара Валынкіна «Апошняе пакаленне», прысвечаная мінскай моладзі, якая жыве ў рэаліях эпохі пасля 2020 года, піша Радыё Свабода.

Макар Валынкін нарадзіўся ў Мінску. З вясны 2022 года жыве ў Варшаве, працуе ў сферы рэкламы, выпускае відэаблог пра беларускія кніжныя навінкі. Ідэя напісаць уласную кнігу нарадзілася ў Макара нечакана, а прычынай стала летняя спёка ў Варшаве. Хлопец пайшоў пагуляць з сябрамі.

«Паводле маіх адчуванняў, было градусаў 35. Мы пачалі гаварыць пра глабальнае пацяпленне і ўвогуле пра тое, што адбываецца ў свеце. У нейкі момант у мяне ў галаве ўзнікла словазлучэнне «апошняе пакаленне». І я зразумеў, што хачу напісаць кнігу менавіта з такой назвай, хаця не ўяўляў, пра што будзе гэтая кніга, навошта яе пісаць, хто будуць галоўныя героі, чым яны будуць займацца — карацей, нічога не ведаў», — успамінае Макар.

Словазлучэнне «апошняе пакаленне» настолькі засела ў ягонай галаве, што Макар цэлы месяц шукаў адказы на гэтыя пытанні. Паехаў у справах у Вільню, зайшоў у кавярню, чакаў знаёмую дзяўчыну. Сеў за столік — і пачаў пісаць, спачатку ад рукі. Паступова пачаў выбудоўвацца сюжэт.

«Кніга пра рэальнасць, якая паўстала ў Беларусі пасля 2020 года, калі кожны чалавек павінен адказаць на пытанне: як ён жыве, дзеля чаго жыве, што ён робіць, куды ён ідзе. Мне было вельмі важна адлюстраваць адчуванні людзей у Беларусі. У мяне там шмат сяброў засталося, я шмат чытаю — і СМІ, і пасты ў сацсетках. І я хацеў паказаць увесь спектр эмоцый людзей у Беларусі: расчараванне, апатыю, пачуццё безвыходнасці, пэўныя радасці, надзею», — расказвае аўтар.

«Фінал будзе нечаканы»

У кнізе чацвёра галоўных герояў, якія працуюць у рэкламным агенцтве: Мікіта, Карына, Саша і Наташа. Твор пабудаваны такім чынам, што кожная яго частка — гэта адзін дзень. Усе падзеі адбываюцца цягам двух тыдняў. Калі дзень працоўны — часткі даўжэйшыя, калі выходны — карацейшыя.

«Мікіта працуе крэатарам, стварае стратэгіі развіцця. Ад яго імя ідзе аповед. Ён вагаецца, не можа зразумець, куды рухацца: нічога не рабіць ці змагацца.

Карына — змагарка, яна перакананая, што гэта адзіны правільны шлях, таму ладзіць падпольныя акцыі. Карына працуе са СМІ, з блогерамі, займаецца размяшчэннем рэкламных матэрыялаў на розных пляцоўках. У кнізе ёсць яе разважанні, што ўжо не засталося ў Беларусі СМІ, куды можна даслаць навіну.

Ёсць герой, які выбірае пазіцыю «забыцца», то бок не звяртаць увагу на тое, што адбываецца. Ёсць герой, які ўсё разумее, але вырашае для сябе, што лепш цяпер нічога не рабіць, не думаць і не выказвацца. Але ў пэўны момант сітуацыя даходзіць да пункта кіпення», — апавядае аўтар пра сваіх герояў, пакінуўшы інтрыгу наконт фіналу.

Макар просіць дачытаць кнігу да канца. Аб’ём яе 206 старонак.

«Часам будзе складана чытаць; будзе падавацца, што гэта нейкая багна, якая цябе засмоктвае, што гэта надакучлівая кніга ні аб чым. Але апошнія тры часткі патлумачаць, чаму так было. Кніга раскрыецца з іншага боку. Калі дачытаеце да канца, усё зразумееце. Фінал будзе нечаканы», — запэўнівае Макар.

Страчанае пакаленне

На пытанне, ці кніга больш аптымістычная або песімістычная, аўтар адказвае, што яна рэалістычная.

«Мікіта адзіны, хто пастаянна размаўляе па-беларуску. Астатнія героі гавораць на рускай мове. І, каб гэта перадаць, словы Мікіты пададзены звычайным шрыфтам, а тое, што іншыя героі прамаўляюць па-руску, выдзелена курсівам. Я хацеў падкрэсліць, як шмат рускай мовы ў нашым жыцці.

Таксама ў кнізе шмат размоў пра глабальнае пацяпленне, пра ядзерную бомбу, пра вайну — мне хацелася выразна падкрэсліць гэтую думку пра апошняе пакаленне.

Некалі пра «страчанае пакаленне» пісалі Хэмінгуэй, Рэмарк. Мы цяпер жывём з такім самым адчуваннем», — кажа аўтар.

Ідэя з буктрэйлерам

Як чалавек, які апошнія пяць гадоў працуе ў рэкламе і маркетынгу, Макар перакананы, што кожны прадукт трэба прасоўваць.

«Мне прыйшла ідэя з буктрэйлерам. Калі прасоўваюць фільмы, спачатку выпускаюць тызер, потым трэйлер. Я вырашыў зняць буктрэйлер. У беларускай літаратуры ніхто такога не рабіў. І нават ва ўсім свеце рэдка здараецца, каб выходзіў трэйлер на кнігу. Падумаў, што гэта будзе добрай інфармацыйнай нагодай і дапаможа зацікавіць патэнцыйных чытачоў», — расказвае аўтар.

Макар звярнуўся да рэжысёркі Аліны Мазавец, якая прачытала кнігу. У галоўнай ролі зняўся Мікіта Бялевіч, тыктокер і вядоўца беларускіх праектаў.

«Так супала, што галоўнага героя кнігі завуць Мікітам, і героя буктрэйлера таксама. Для трэйлера і тызера мы папрасілі начытаць фрагменты з кнігі акторку Крысціну Дробыш, каб паглыбіць людзей у кнігу, каб яны адчулі… Прагляды мяне прыемна здзіўляюць», — кажа Макар Валынкін.

Набыць кнігу можна ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка», на сайце кнігарні, а таксама на Allegro.pl.

Каментары5

  • Сонца ў ваконцы
    03.02.2025
    Будзе цікава пачытаць, толькі б спасылку атрымаць
  • Калега Пратасевіча
    03.02.2025
    "У кнізе чацвёра галоўных герояў, якія працуюць у рэкламным агенцтве"... Далей артыкул можна не чытаць, не кажучы пра кнігу. Гэта маленькая праслойка неабавязковых людзей. Планктон, які займаецца тым, што выдзьмувае бурбалкі. Разрэкламуюць хоць пекла, у ружовых фарбах. Бехрыбетны планктон.
  • Максим Дизайнер
    03.02.2025
    Калега Пратасевіча, Очередная калька с Ф.Бегбедера.

Беларуская палітычная эмігрантка ляцела ў Грузію на самалёце, які экстранна пасадзілі ў Іране7

Беларуская палітычная эмігрантка ляцела ў Грузію на самалёце, які экстранна пасадзілі ў Іране

Усе навіны →
Усе навіны

Данія вырашыла правяраць танкеры расійскага ценявога флоту. Гэта рэзкая змена ранейшых падыходаў3

Зяленскі: Расія сёлета будзе спрабаваць непасрэдна ўцягнуць Беларусь у вайну27

ЗША могуць прадставіць план «спынення вайны» ва Украіне на Мюнхенскай канферэнцыі6

Стрыжак расказаў, што вядома пра ўзмоцненыя праверкі на выездзе з Беларусі10

Мілей ідзе за прыкладам Трампа і выводзіць Аргенціну з СААЗ4

Будаўнічыя работы на яўрэйскіх могілках у Мінску спынены

Беларус захаваў архіў прадзеда і здзівіў ім польскіх чыноўнікаў5

На трасе ў Раўбічах заўважылі мужа Дар'і Домрачавай ВІДЭА5

Расійскае камандаванне накіроўвае на фронт аслоў, бо тэхнікі не хапае. Гэта не жарт15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуская палітычная эмігрантка ляцела ў Грузію на самалёце, які экстранна пасадзілі ў Іране7

Беларуская палітычная эмігрантка ляцела ў Грузію на самалёце, які экстранна пасадзілі ў Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць