«Пажадана, каб праца была ў Мінску».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/dziadzia_vania-xno5m.png.webp)
Апошнім часам Іван Вабішчэвіч, вядомы пад псеўданімам Дзядзя Ваня, у асноўным выступаў у Расіі. Летась Івана Вабішэвіча затрымалі ў Беларусі. Яму прад'явілі абвінавачанне па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пазней прэс-служба Мінгарсуда ўдакладніла, што судзяць артыста за ўдзел у нядзельным маршы ў Мінску 23 жніўня 2020 года.
У снежні Вабішэвічу далі два з паловай года хатняй хіміі. Яго таксама ўключылі ў «спіс экстрэмістаў».
Сёння артыст пачаў шукаць працу — праз інстаграм.
— Лэдзі і джэнтльмены, нарэшце наступіў той дзіўны момант, калі я магу сказаць, што шукаю працу. Так што калі каму-небудзь патрэбны такі працаўнік, як я, які ўмее… Я сам, мусіць, яшчэ не ведаю, што ўмею. Але ў прынцыпе пажадана, каб праца была ў Мінску. Каб быў васьмігадзінны працоўны дзень (можна крыху менш). Можна на паўстаўкі. Пажадана, каб субота і нядзеля былі выходнымі. Пішыце свае прапановы. Можа быць, недзе спатрэблюся, — расказаў Вабішчэвіч у сацсетках.
У Беларусі даўно існуе «чорны спіс» артыстаў, якім забаронена выступаць у краіне (хоць афіцыйна ўлады гэта адмаўляюць). Пасля выбараў 2020 года ён значна пашырыўся.
Адзін з музыкаў, які цяпер жыве ў Беларусі расказваў раней «Нашай Ніве», што, па яго меркаванні, у «чорным спісе» знаходзіцца ўжо каля тысячы артыстаў.
«Траплялі ў чорны спіс не толькі праз правапарушэнні, — казаў іншы музыка. — Бывала, уключалі праз частыя выезды за мяжу або калі правяральнікам не спадабаліся сацсеткі. Ці проста па прынцыпе рандому».
Зразумела, што артысту, якога ўключылі ў «спіс экстрэмістаў», улады Беларусі не дазволяць выступаць ці весці нейкія мерапрыемствы.
Каментары
Поспехаў з пошукамі працы, дзядзька, і няхай табе ня прыдзецца зьнесьці нат такое, параўнана лагоднае ў нашыя часы, пакараньне