«Карабель ганьбы». Адзіны авіяносец Пуціна не могуць адрамантаваць трэці год запар
Няўдачы працягваюць пераследаваць цяжкі авіяносны крэйсер «Адмірал Кузняцоў» — адзіны авіяносец у складзе расійскага флоту, які дастаўся Крамлю ў спадчыну ад СССР. Стаўшы на рамонт у 2018 годзе пасля паходу да берагоў Сірыі, «Адмірал Кузняцоў» так і не змог у тэрмін вярнуцца ў строй, а ягоная будучыня застаецца незразумелай, піша The Moscow Times.
Першапачаткова планавалася, што пабудаваны ў 1985 годзе карабель, разлічаны на базаванне і абслугоўванне 28 самалётаў і 24 верталётаў, атрымае найноўшыя сістэмы СПА «Панцыр-М», а таксама будзе падрыхтаваны да выкарыстання крылатых ракет і саманаводных авіябомбаў.
Аб'яднаная суднабудаўнічая карпарацыя абяцала завяршыць работы на 35-м суднарамонтным заводзе ў Мурманску ў 2022 годзе. Пасля тэрміны перанеслі на 2023 год, пасля — на 2024-ы. Але па выніках мінулага года пра вяртанне ў строй авіяносца расійскія ўлады так і не паведамілі.
Пасля адпраўкі ў Сірыю, якая зрабіла «Адмірал Кузняцоў» аб'ектам кпінаў з-за следу чорнага дыму, які апанаваў неба над Атлантыкай, Майкл Фелан, які займаў тады пасаду міністра абароны Вялікабрытаніі, назваў авіяносец «караблём ганьбы».
Амерыканскі часопіс National Interest паставіў «Кузняцова» на першае месца ў спісе найгоршых авіяносцаў свету, адзначаючы нізкую якасць будаўніцтва, дрэнную падтрымку і адсутнасць якіх-небудзь «нашчадкаў» у выглядзе новых, больш сучасных авіяносцаў.
Падчас сірыйскага паходу, у якім «Кузняцова» суправаджаў буксір праз нізкую надзейнасць сілавой устаноўкі, авіяносец страціў два знішчальнікі за тры тыдні, пасля чаго, як пісаў The Telegraph, ягоныя авіякрылы перавялі на наземны аэрадром.
Першая спроба адрамантаваць карабель пасля плавання ў Сірыю скончылася катастрофай. На заводзе пад Мурманскам «Адмірал Кузняцоў» не змог выйсці з плывучага дока, у выніку чаго на карабель абрынуўся докавы кран, у ягонай карме ўтварылася дзірка, а сам гіганцкі док затануў.
Праз год падчас рамонту «Адмірала Кузняцова» ўзнік пажар, у выніку якога загінулі двое рабочых, а сам карабель атрымаў дадатковыя пашкоджанні. У 2018 годзе рамонт авіяносца ўлады ацэньвалі ў 20 млрд расійскіх рублёў (паводле тагачаснага курсу каля 300 млн даляраў).
Каментары