Малое дзіця з Мазыра трапіла на штучную вентыляцыю лёгкіх — яго маці абвінавачвае дактароў у халатнасці
Шматдзетная маці з Мазыра скардзіцца на працу дактароў. Жанчына абвінавачвае медыкаў у тым, што яны прапусцілі час на лячэнне яе дзіцяці.
Аліна расказала сваю гісторыю ў тыктоку. Яе маленькі сын захварэў на востры бранхіт паўмесяца таму. Хлопчыку далі бальнічны на два тыдні. Калі яны скончыліся, педыятарка вырашыла, што малому час вяртацца ў садок. Аліна расказвае, што аналізы ў яе сына ўсё яшчэ былі дрэнныя, але доктарка зрабіла выснову, што за 14 дзён хлопчык павінен быў вылечыцца.
Жанчына не стала спрачацца:
«Я паверыла і пусціла сына ў садок, гэта быў ужо чацвер. Усё было добра. У пятніцу забралі сына з садка, ён гуляў, еў, ніякіх сімптомаў. Падчас гульні сын страчвае прытомнасць, сінее і перастае дыхаць!
Муж выклікае хуткую дапамогу, я хапаю сына ў адной маечцы, заварочваю ў плед і мы ляцім насустрач хуткай міма ўсіх святлафораў, сустракаем хуткую на выездзе з іх базы. Дзіця хрыпіць, дыханне прыгнечанае. Распачынаюцца сутаргі, нам колюць супрацьсутаргавы прэпарат і прывозяць у палату інтэнсіўнай тэрапіі Мазыра».
У палаце, кажа Аліна, медыкі сталі яе запэўніваць, што сутаргі ў малога звязаныя з высокай тэмпературай, і жанчына іх паслухалася, хаця і ведала, што тэмпературы ў дзіцяці няма. Ноч малы правёў пад лекамі, і на наступны дзень яго вырашылі пераводзіць у звычайную палату — маўляў, усё добра.
Хлопчыку зрабілі аналіз крыві, які паказаў наяўнасць запалення ў арганізме. Далей, кажа Аліна, медыкі вырашылі трымаць дзіця ў палаце да панядзелка — абяцалі маці, што пасля выходных малога агледзіць неўролаг і іншыя дактары. Паводле слоў жанчыны, яна звяртала ўвагу медыкаў на сутаргі малога, але ёй казалі, што яна памыляецца, і сутаргаў насамрэч няма.
Аліна запатрабавала перавезці яе сына ў Гомель. У гомельскай бальніцы, кажа яна, хлопчыка адразу павезлі ў рэанімацыю, бо пабачылі ў яго сутаргі. Дзіцяці далі моцныя заспакаяльныя, праз якія хлопчык заснуў, і паклалі яго пад апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Тым часам лекі перасталі дапамагаць супраць сутаргаў, і давялося павялічыць іх дазіроўку. Аліна расказвае, што па патрабаванні Мінздароўя дзіця вырашылі перавезці ў Мінск:
«Ставяць менінгіт, энцэфаліт незразумелай этыялогіі. Была праведзеная пункцыя, МРТ, УГД і ўсе магчымыя аналізы, якія нічога не паказалі».
У адным са сваіх відэа жанчына кажа пра нізкія шансы дзіцяці на жыццё. Яна спадзяецца, што яе ролік пабачыць Лукашэнка і чыноўнікі з Мінздароўя, і не падбірае слоў, калі апісвае сваё стаўленне да медыкаў.
Афіцыйных каментароў ад бальніцы ці чыноўнікаў па гэтай сітуацыі пакуль не было.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І не забудзьцеся дадаць нумар карткі
Вялікімі літарамі.