«Адчуваю сябе як у турме, толькі на працу ходзіш». Маналог беларуса, які паехаў на заробкі ў Нідэрланды — і расчараваўся
Павел жыве ў прыгарадзе Амстэрдама тры гады. За гэты час ён змяніў некалькі прац. У сваім тыктоку мужчына выкладае ролікі пра гэта, а таксама пра цэны ў Еўропе і падарожжы.
«Пры якім заробку я б застаўся ў Беларусі? Мабыць, 2000 еўра»
У Беларусі Павел працаваў вадалазам-ратавальнікам, а ў пятніцы і суботы падпрацоўваў у начным клубе ахоўнікам. На дзвюх працах ён атрымліваў каля 500 даляраў. Гэтага было замала, таму ён вырашыў паехаць на заробкі ў Нідэрланды.
«Прапанавалі паехаць у Амстэрдам, працаваць у гатэлі. Жытло давалі бясплатна, трохразовае харчаванне, заробак на рукі 1500 еўра за 7 гадзін працы. Лічу, што гэта добрыя ўмовы. Выходзіла 1200 еўра адкладаць, а 300 еўра траціць на жыццё.
Ехалі туды з Брэста цэлай групай, у ёй было шмат маладых хлопцаў па 20 гадоў. Ніхто з нас у Еўропе ні разу не быў. У першы дзень пайшлі шпацыраваць па горадзе. У нас рот адкрываўся, гэты было так незвычайна і прыгожа», — расказвае хлопец у сваіх тыктоках.
Увогуле хлопец паехаў у Еўропу не толькі на заробкі, але і каб паглядзець на іншыя краіны.
«Для астатніх краін 500 даляраў, якія я зарабляў у Беларусі, гэта фанцікі проста. Ёсць людзі ў Еўропе, якія зарабляюць па 200-300 еўра на дзень. Для нашай краіны — завоблачныя грошы. Пры якім заробку я б застаўся ў Беларусі? Мабыць, 2000-3000 еўра», — кажа ён у відэа.
Праз пэўны час Павел звольніўся з працы, бо «не вытрымаў псіхалагічна».
«Я — начальніца, а ты — падначалены, — расказвае ён. — Як у войску (хаця я там не служыў), павінен падпарадкоўвацца любому трызненню. Начальніца мне доўга гаварыла на англійскай як жыць. А я мала разумею англійскую, дачакаўся канца і сказаў, што звальняюся. У нідэрландцаў шок быў ад таго, што я так зрабіў. У іх таго не бывае, бо людзі жывуць у крэдытах і ўсё залежыць ад працы. Калі нават ім не падабаецца іх праца, то яны лепш антыдэпрэсантамі накідаюцца, але ніколі так не зробяць.
Зайздрошчу людзям у жыцці, якія знайшлі сябе. Я з юнацтва працаваў у Беларусі на розных працах: у калгасе, у будаўнічых брыгадах, грузчыкам. Мне было дастаткова двух месяцаў, каб зразумець, што я жыць такім жыццём не хачу. Памятаю, калі прыехаў у калгас, усе трактарысты хацелі, каб я застаўся. А я думаў, якія ў мяне перспектывы. Усё жыццё на камбайне ездзіць ці быць будаўніком у калгасе?
Зайздрошчу тым, хто, напрыклад, на заводзе можа сядзець 30-40 гадоў, вырабляць адну і тую ж дэталь — і ад гэтага кайфаваць. Мне было б дастаткова прыйсці, паглядзець на самага ўзроставага работніка, зразумець, што гэта я ў будучыні, і не пагадзіцца на такое».
«Прыходзіш з працы, робіш ежу, кладзешся спаць, а пасля зноў на працу»
З часам хлопец знайшоў новую працу, уладкаваўся на склад. За гадзіну плацяць 25 еўра. За дзень, па словах Паўла, збіраецца каля 200 еўра. Але і тут ён з часам выгарэў.
«Мне лепш фуру пяску разгрузіць, чым нешта манатоннае, — кажа ён. — Праца гэтая мяне трымае, таму што тут самы вялікі заробак, які ўвогуле ў мяне быў.
Я ўжо тры гады адседзеў у гэтым Амстэрдаме, у мяне ўжо грошай дастаткова. Магу купіць сабе машыну, ездзіць з дзяўчатамі па клубах. Усё, што рэальны хлопец можа хацець. Але я так не раблю, сяджу і трываю. Не ведаю, наколькі мяне яшчэ хопіць.
Украінцы могуць сказаць, што трэба ў акоп да іх. Магчыма. Калі працаваў у ахове клуба, там мардабой, дзяўчыны за валасы цягаюцца, але мне гэта падабалася. Некаторыя не маглі адстаяць змену, а я лёгка, мая стыхія».
Таксама мужчына паскардзіўся ў адным з тыктокаў, што не можа ў Нідэрландах знайсці сяброў.
«Адчуваю зараз сябе як у турме, толькі на працу ходзіш. Але і ў турме хаця б ёсць сукамернікі, можна сябра сабе знайсці, з кім можна пагаварыць. Тут такога няма. Прыходзіш з працы, робіш есці, кладзешся спаць, а пасля зноў на працу.
Тут такое паняцце як «прыгожа апрануцца» адсутнічае. Нікуды не ходзіш, нічога не цікава. Я яшчэ мовы не ведаю, тыя, хто ведае, яшчэ неяк з замежнікамі знаёмяцца. Але гэтыя знаёмствы нікуды далей не заходзяць.
Цяпер былі выходныя, я з дому не выходзіў тры дні, таму што нікуды не трэба было. Пасля працы залажу ў тэлефон, каб проста на рускамоўных людзей паглядзець, як у іх жыццё. Сто разоў падумайце, ці трэба вам ехаць на заробкі, таму што тут рэальна вар'яцееш.
У Беларусь баюся ехаць, бо заробку няма, а тут жыцця няма».
Каментары
Ну!! родина ждет тебя, сынок. на 300дол в месяц и ровно с такими же тупыми начальниками...
выгорел он.. ой умора..
кстати, про тюрьму. был бы там, никогда бы на ум не пришло это сравнивать.
КАЖДОМУ СВОЁ.... а что будет с силовиками-опричниками когда у агрофюрера закончатся деньги и способы их добытия.