Падобна, што для такога аўто — хоць і ва ўзросце — гэта сапраўды нядорага.
На продаж выставілі Bentley Continental Flying Spur. Пад капотам у яго рухавік аб'ёмам 6 літраў з дзвюма турбінамі, які развівае магутнасць у 560 конскіх сіл. З такім маторам гэты 2,5-тонны седан, калі быў новым, разганяўся да сотні за 4,9 секунды. Максімальная хуткасць — 314 км/г.
Заяўлены прабег — 188 тысяч кіламетраў.
У машыны шыкоўны скураны салон пясочнага колеру. Крэслы маюць не толькі функцыі падагрэву і вентыляцыі, але і масажу. Панэль, тарпеда і дзвярныя карты таксама цалкам абцягнутыя скурай.
У салоне шмат элементаў з дрэва.
Прадавец запэўнівае, што ў машыне ўсе функцыі дагэтуль працуюць. Разам з машынай ідуць два камплекты пакрышак дыяметрам на 19 і 20 цаляў.
У 2006 годзе цэны на такія аўто пачыналіся з 165 тысяч даляраў. І калі 19 гадоў таму дазволіць сабе набыць такую машыну маглі толькі вельмі заможныя людзі, то цяпер яна даступная шырокаму колу людзей.
За машыну просяць усяго 14 тысяч даляраў, што параўнальна з цаной на новую «Лада Веста» або пяцігадовы Ford Focus, прывезены з Еўропы.
Але ахвотным набыць такое аўто варта разумець, што купіць такую машыну і мець магчымасць яе потым утрымліваць — гэта розныя рэчы.
Рамонт і абслугоўванне падобных машын каштуе непрыстойна шмат, ды і паліва спажывае аўто не мала.
Адметна, што прадавец у апісанні пазначыў, што просіць за свой Bentley на 8 тысяч даляраў менш за рынкавы кошт. У Беларусі ўсяго ў продажы два такіх аўто і за другі просяць 22 тысячы даляраў.
Але падобна да таго, што гэтая машына сапраўды прадаецца за нядорага. На нямецкім modile.de цэны на Bentley Continental Flying Spur пачынаюцца з 18 900 еўра, а на расійскім auto.ru з 1 750 000 расійскіх рублёў, што складае каля 18 тысяч даляраў.
Bentley Continental Flying Spur першага пакалення выпускаўся з 2005 па 2013 год.
Каментары