Рэйтынг найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю склалі кінаэксперты і дзейныя фільммэйкеры з ініцыятывы Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA). Спіс падрыхтавалі да 100-годдзя беларускага кіно, што адзначаюць сёлета 17 снежня.
У спіс найлепшых беларускіх фільмаў увайшлі 50 стужак, агулам жа ў індывідуальных спісах экспертаў згаданыя 174 карціны. У фармаванні рэйтынгу ўзялі ўдзел 49 чалавек. Такім чынам, гэта найбольш шырокае апытанне, якое дасюль праводзілася на гэтую тэму, з пункту гледжання як рэпрэзентацыі фільмаў, гэтак і колькасці экспертаў.
50 стужак, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, размешчаныя на сайце BIFA — разам з сінопсісамі, фестывальнымі гісторыямі фільмаў і каментарамі экспертаў. Тут жа можна знайсці індывідуальныя спісы кожнага з удзельнікаў апытання: у ім узялі ўдзел беларускія рэжысёры, кіназнаўцы, фестывальныя арганізатары, а таксама замежныя прафесіяналы сферы.
Першае месца ў рэйтынгу заняла антываенная драма «Ідзі і глядзі» Элема Клімава супольнай вытворчасці савецкіх кінастудый «Беларусьфільм» і «Масфільм», за якую прагаласавалі 26 рэспандэнтаў.
З мінімальным адрывам на другім месцы размясцілася індзі-карціна «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, што набрала 24 галасы. Стужку знялі ўжо ў незалежнай Беларусі, яна, як і «Ідзі і глядзі», паказвае партызанскі рух часу Другой сусветнай вайны, але з альтэрнатыўнай перспектывы.
Трэцяе месца займае фільм Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980 год).
У першую дзясятку ўвайшлі таксама фільмы «Цераз могілкі» Віктара Турава, «Прыгоды Бураціна» Леаніда Нячаева, «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава, «Мяне завуць Арлекіна» Валерыя Рыбарава, «Заўтра» Юліі Шатун, «Выпадак з пацаном» Сяргея Лабана.
З 50 фільмаў, прызнаных найлепшымі, 30 знятыя пасля распаду СССР. Паводле крытэраў, у рэйтынг маглі быць залучаныя фільмы, знятыя беларусамі (паводле самаідэнтыфікацыі) у любой з краін свету, і фільмы, знятыя любымі рэжысёрамі на беларускіх кінастудыях.
Адлік беларускага кіно традыцыйна вядзецца з 17 снежня 1924 года, калі была створаная кінастудыя «Белдзяржкіно» (сёння «Беларусьфільм»).
Новы міністр культуры распарадзіўся здымаць фільмы пра вайну і сялян. І паабяцаў прарыўнае кіно
4 фільмы, якія сабралі найбольш сімпатый на кінафестывалі «Паўночнае ззянне»
«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?
Лукашэнка: Тое, што адбываецца ў беларускім кінематографе, гэта проста ганьба
Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт
Каментары