Грамадства33

Лукашэнка ўжо не першы раз загадаў выпусціць беларускі мабільнік. А чым скончыліся папярэднія спробы?

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка паабяцаў выпусціць беларускі мабільны тэлефон. І нават з уласным праграмным забеспячэннем. Гэта ўжо не першая спроба выпусціць беларускі сотавік. Blizko.by вывучыў усе папярэднія такія спробы. І нават знайшоў, як выглядаў першы беларускі сотавы тэлефон.

Што адбылося?

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка наведваў БДУІР і меў зносіны са студэнтамі. Сярод іншага ён расказаў, што ў краіне выпусцяць і беларускім мабільнік, прычым з уласным праграмным забеспячэннем.

«І айчынны мабільны тэлефон, пра які шмат-шмат цяпер кажуць, мы таксама зробім. Абавязаны зрабіць, таму што гаджэты сёння, як вы бачылі ў апошні час, ператварылі ў баявую зброю. Гэта ўжо пытанне нацыянальнай бяспекі».

Што за мабільнік у самога Лукашэнкі?

А яшчэ Аляксандр Лукашэнка паказаў тэлефон, якім карыстаецца сам, некаторыя члены ўрада і найбліжэйшае працоўнае яго асяроддзе — усяго каля 70 чалавек. Праўда, пры сабе Лукашэнка тэлефон не трымае: яго пры неабходнасці прыносіць памочнік.

Лукашэнка патлумачыў, што ў ім выкарыстоўваецца распрацоўка КДБ, якая не дазваляе праслухаць размову: яна кадуецца, а ў эфіры пры спробе перахопу гутаркі чуваць булькатанне. Стварыць дэвайс удалося, маўляў, дзякуючы моцнай крыптаграфічнай школе, якую захавалі ў Беларусі з часоў СССР. І заявіў, што гэтую прыладу, у якой выкарыстоўваецца беларуская распрацоўка, ужо купілі некаторыя краіны.

Больш ніякіх падрабязнасцяў. У кадры прабежна прамільгнуў мабільнік, які выглядае як тыповы Android-смартфон не ад А-брэнда.

Тэлефон гэты вельмі, вельмі моцна падобны на той, што прэзентаваў КДБ яшчэ шэсць з паловай гадоў таму, вясной 2018-га. Тады старшыня КДБ Валерый Вакульчык у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» прадэманстраваў распрацаваны ў Беларусі мабільны тэлефон для закрытай урадавай сувязі.

«Існуе і запатрабаваная закрытая ўрадавая сувязь. Але час патрабуе нейкіх новых рашэнняў. Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача распрацаваць абаронены мабільны тэлефон, які дазваляў бы весці закрытыя перамовы ў любым месцы і ў любы час з любой службовай асобай», — сказаў тады Вакульчык.

 

Ён адзначыў, што падобныя тэлефоны ёсць усяго ў некалькіх дзяржавах, і беларускі апарат не саступае ім па якасці і нават лепшы па некаторых параметрах. Аднак айчынны тэлефон, маўляў, значна таннейшы ў вытворчасці.

«Мы працуем над тым, каб арганізаваць экспартныя пастаўкі некаторым дружалюбным нам дзяржавам», — дадаў ён.

«Ён выраблены ў закрытым выкананні. Дазваляе весці размовы з высокай ступенню абароненасці ад праслухоўванняў, перахопу. Складаецца з трох частак: мікрафон, крыптамодуль (уяўляе сабой шыфр-апаратуру, гэта сістэма шыфравання і дэшыфравання) і працэсар. [ … ] Тэлефон таксама абаронены ад пранікнення зламыснікаў. Калі будзе спроба выкрыцця, прадугледжваецца самазнішчэнне змесціва гэтага тэлефона».

У Беларусі ж раней ужо выпускалі мабільнікі?

Так, выпускалі, і нават некалькі разоў. Нельга сказаць, гэта быў вельмі ўдалы вопыт. І гісторыя гэтая цягнецца ўжо як мінімум 20 гадоў.

Дваццаць гадоў таму, у жніўні 2004-га, Лукашэнка правёў нараду па пытаннях далейшага развіцця сотавай сувязі ў Беларусі. І тады ж заявіў: сотавыя тэлефоны, перадатчыкі могуць і павінны вырабляцца ў Беларусі.

«Чаму мы — інтэлектуальная, высокаадукаваная нацыя — не можам самі зрабіць гэта ўсё ў сябе? Трэба падключыць айчынны вытворчы патэнцыял. Мяркую, магчымасці для гэтага ў нас ёсць немалыя. Трэба толькі перапрафіляваць і прывязаць нашыя канкрэтныя прадпрыемствы да патрэбаў галіны. [ … ]

Можна сельскагаспадарчыя камбайны закупляць за мяжой. Але мы пайшлі іншым шляхам: развіваем сваю, айчынную збожжаўборачную, ільноўборачную, кармаўборачную тэхніку. А чаму тут мы закупляем «Сімэнс», іншае? Ніхто гэтым не займаўся ці не хоча займацца па розных прычынах. Так лягчэй: прыйдуць іншаземцы, грошы прывязуць. Сваё абсталяванне паставяць, запчасткі будзем купляць, яны прыбытак атрымаюць — вывезуць. А чаму па максімуму не працаваць?»

Вынікам той вялікай сустрэчы стала наступнае рашэнне, што трэці GSM-аператар у краіне будзе дзяржаўным, — так пасля з'явілася ЗАТ «БеСТ». Неўзабаве ў інтэрнэце з'явіліся здымкі першага беларускага сотавага тэлефона. 

Аказалася, што гэта фэйк (хоць тады яшчэ такое слова не выкарыстоўвалі): проста адрэдагавалі выяву сотавіка Siemens Marathon. 

«Еўратэф»

Мабільнік, які назвалі першым беларускім сотавым, з'явіўся ў красавіку 2008 года. Мінскі завод «Прамсувязь» выпусціў мабільнік пад назвай «Еўратэф-М». Прычым ён адначасова працаваў і як сотавы тэлефон стандарту GSM, і як радыётэлефон, чыя база падключаецца да правадной сеткі «Белтэлекам».

«Еўратэф-М» падтрымліваў розныя мабільныя праграмы (Е-mail, WAP 2.0, SMS, MMS і інш.), абсталяваны каляровым дысплеем, вібравыклікам, паліфаніяй, камерай, тэлефоннай кнігай на 500 нумароў, гучнай сувяззю і іншымі дадатковымі функцыямі.

Праўда, многіх карысных і абавязковых для мабільніка 2008 года функцый у ім не было. Bluetooth, інфрачырвоны порт, карты памяці — гэтага няма. Экран — малюсенькі: усяго 128х128 пікселяў. Камера — на 0,3 мегапікселя без магчымасці здымання відэа. Тэлефон паступіў у продаж па цане прыкладна ў 160 даляраў. 

Вельмі хутка журналісты высветлілі, што ў аснове апарата ляжыць распрацаваны кампаніяй Hitachi для аператара Deutsche Telecom тэлефон мадэлі TC300. Таксама невялікая партыя гэтых тэлефонаў прадавалася ў Італіі аператарам Pirelli пад гандлёвай маркай Discus DP-L10. На падставе пагаднення паміж Deutsche Telecom і кампаніяй «Прамсувязь» было русіфікаванае праграмнае забеспячэнне і наладжаная беларуская зборка з гатовых камплектаў.

Праз тры гады адбыўся нечаканы працяг: «Прамсувязь» вывеў на рынак мадэлі «Еўратэф Е1» (выглядае як смартфон Nokia E71 з QWERTY-клавіятурай), «Еўратэф Е2» («бабуляфон» з вялікімі кнопкамі) і «Еўратэф Е3» (звычайны кнопкавы тэлефон і таксама з «закосам» пад Nokia). 

 Veon

У тым жа самым 2008-м, калі з'явіўся першы «Еўратэф», але пазней на некалькі месяцаў, у Беларусі пачалі выпускаць яшчэ адзін «першы беларускі мабільнік».

Кампанія «Элсідзі сэрвіс» расійскага бізнэсмена Аляксея Пячонкіна наладзіла адкрутачную зборку дзвюх мадэляў у Мінску ў арандаваным памяшканні Інстытута цепла– і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук, дзе працавалі пяцёра мантажніц і ў дзень збіралі да 300 апаратаў. Нават адкрыўся монабрэндавы магазін у ГЦ «Сталіца», дзе выставілі абедзве мадэлі прадпрыемства: Т10 і двухсімачнік А280 коштам ад 120 да 225 даляраў.

Тэлефон T10 меў класічную монаблочную канструкцыю са злёгку закругленымі бакамі. Ён мог пахваліцца падтрымкай картаў памяці і сэнсарным TFT-экранам з дыяганаллю 2,2 дзюйма, 1,3-мегапіксельнай камерай з магчымасцю запісу відэа, 760 кілабайтамі ўбудаванай памяці, арганайзерам, WAP і GPRS.

Галоўнымі асаблівасцямі мадэлі А280 сталі два GSM-модулі з падтрымкай дзвюх актыўных SIM-картаў. У тэлефона аказаўся сэнсарны TFT-экран з дыяганаллю 2,4 дзюйма і разрозненнем 240х320 кропак. У тэлефона таксама былі ўбудаваная камера на 1,3 мегапікселя з магчымасцю здымання відэа, MP3-плэер, 64-танальная паліфанія, падтрымка картаў памяці, арганайзер, WAP і GPRS.

Абедзве мадэлі прадаваліся з запасным акумулятарам. 

Міністр сувязі і інфарматыкі Беларусі Мікалай Панцялей расказваў:

«Такая вытворчасць у сілах пазмагацца з «шэрымі» тэлефонамі, якія сталі вялікай праблемай для беларускага рынку тэхнікі. Бо тэлефоны Veon могуць скласці годную канкурэнцыю прадукцыі найбуйнейшых вытворцаў сродкаў сувязі і па цане, і па якасці».

А Аляксей Пячонкін гаварыў у інтэрв'ю:

«Як мінімум адна мадэль цягам 2009 года будзе цалкам распрацаваная ў Мінску».

Зрэшты, абедзве мадэлі былі тыповымі «кітаяфонамі» той эпохі, без патрэбных функцый і з крыва перакладзеным меню. Многіх прыхільнікаў яны сабе не знайшлі, і пасля мінская зборка іх спынілася.

Мабільнікі Veon і пасля гэтага працягвалі прадавацца ў Беларусі, але былі зробленыя ўжо цалкам у Кітаі. У Мінску так нічога і не распрацавалі.

Snami

У 2010 годзе гучна заявіла пра сябе кампанія «ГЦ Знамі». Да гэтага яна ўвозіла ў краіну электроніку, а цяпер вырашыла выпусціць мабільнікі пад уласным імем Snami.

Першымі з'явіліся двухсімкавыя мадэлі W301 і AF103. Сцвярджалася, што ўсе яны распрацаваныя ў Беларусі, хоць і збіраюцца ў Кітаі. «Айфону» ўжо чатыры гады, у свеце стандартызацыя і раз'ёмы microUSB, але ў Snami свой уласны прапрыетарны раз'ём зарадкі.

Потым пайшлі тры простыя кнопкавыя «званілкі» — мадэлі С220, М200 і GS121, далей з'явіліся мадэлі S280, X301 і i616 з сэнсарнымі экранамі, мадэль Е74 адразу на 4 SIM-карты, простыя манаблокі D201 і D400.

Чым больш мадэляў выходзіла, тым меншай была ўпэўненасць, што іх распрацоўвалі ў Беларусі, а не ў Кітаі.

Усе мадэлі тэлефонаў «Еўратэф», Veon і Snami, выпушчаныя да гэтага часу, былі самымі простымі «званілкамі» нават без магчымасці ўсталяваць на іх Java-праграмы. Затое яны маглі пахваліцца нізкай цаной — ад 30 даляраў.

І вось летам 2013-га Snami выпускае першы смартфон: мадэль М340 на Android 2.3.6 коштам усяго ў 88 даляраў! Праўда, аказалася, што за гэтыя грошы карыстальнік атрымлівае не толькі смартфон са старой версіяй «андрушы» і зрэзанай функцыянальнасцю, але таксама і невыдаляльную праграму з распранутымі, аголенымі, голымі кітаянкамі, з якімі можна было тут жа заняцца чатам. Праграма пастаянна надакучвала апавяшчэннямі — і пазбавіцца ад іх не было ніякай магчымасці. Якія яшчэ доказы вам патрэбныя, што гэта цалкам беларуская распрацоўка?

Быў анансаваны яшчэ і смартфон Snami Z320, але ён да прылаўкаў так і не дабраўся. А пасля 2013 года і пра саму кампанію не стала чутно.

І ўсе астатнія

У 2016 годзе з'явіліся некалькі брэндаў, якія пазіцыянавалі сябе як вытворцы першых беларускіх смартфонаў. Кампанія «ІТЦ-М» вывела на рынак брэнд Flycat (смартфон мадэлі Optimum 5001), а «Надзейныя мабільныя сістэмы» — Venso (мадэль Creon F5). 

Смартфоны Venso прадаваліся і ў наступныя гады, потым кампанія пераключылася на бесправадныя навушнікі, дзясяткі мадэляў якіх прадаюцца да гэтага часу.

Дык а які тэлефон стаў першым беларускім сотавікам?

У Савецкім Саюзе яшчэ ў канцы 1950-х распрацавалі сістэму рухомай радыёсувязі «Алтай», частку абсталявання для якой выпускалі і ў БССР. Потым услед рушылі больш сучасныя распрацоўкі «Вілія», «Карт», «Раса-Т».

А ў канцы 1980-х распрацавалі сістэму «Валемат» («Варонеж, Ленінград, Маладзечна, Тарнопаль»), якая магла працаваць як правобраз сучасных сотавых сістэм: пераключацца з адной базавай станцыі на іншую без страты сувязі.

Тэлефоны памерам з чамадан выпускалі ў Маладзечне да канца 1990-х, а сама сетка працягвала працу да канца нулявых. 

Тым не менш, «Валемат», хоць і валодаў прыкметамі паўнавартаснай сотавай сувязі, усё ж да канца не быў ёю.

А першы ўласны сотавы тэлефон у Беларусі з'явіўся ўжо пасля таго, як у краіне запрацавалі аператары сотавай сувязі стандартаў NMT (Belcel) і GSM (Velcom).

І быў ён — ні за што не здагадаецеся якім.

У 2004 годзе на выставе Tibo-2004 кампанія «Агат-сістэм» дэманструе мадэль тэлефона, якая, відаць, і стала першым беларускім сотавым. Не мабільным, але сотавым. Як такое магчыма?

Мадэль называлася «Агат-09». Па сутнасці, гэта быў звычайны грамадзянскі таксафон мадэлі «Агат-071», якія і цяпер яшчэ сустракаюцца па ўсёй краіне, з прыкручаным сотавым GSM-мадэмам Wavecom Fastrack M1203A-ON. Яго апісанне і малюнак знайшліся ў галіновым часопісе «Веснік сувязі». У верхняй частцы корпуса можна заўважыць антэну. 

Вядома, што з канца 1990-х у Беларусі ставіліся сотавыя таксафоны «Белсел»: на аўтазапраўках, у гатэлях і ў матэлях. Дарэчы, сотавыя таксафоны ставілі таксама ў цягніках на Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Варшаву, Талін, і прапрацавалі яны ў беларускіх цягніках прыкладна да 2007 года, калі сетка NMT ужо была згорнутая і старыя таксафоны «Белсел» не маглі працаваць.

Таму ёсць верагоднасць, што ў цягніках працягвалі працаваць якраз такія «Агаты-09», першыя беларускія GSM-сотавікі, якія, хоць першапачаткова і не былі мабільнікамі, усё ж сталі мабільнымі дзякуючы чыгунцы.

Каментары3

  • 1
    01.10.2024
    І пэйджараў ім трэба прыкупіць харошых перад "выбарамі".
  • Жэст нядобрай волі
    01.10.2024
    "Лукашэнка ... загадаў выпусціць беларускі мабільнік." Чарговы акт памілаванні ад пахана :)
  • Свабодны чалавек
    01.10.2024
    Прагрэсіўнае чалавецта выкарыстоўвае факс!

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»29

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп увёў тарыфы для Кітая і хоча абкласці імі Еўрасаюз. Ці закране Беларусь?4

У 2024 годзе ў Польшчы затрымалі больш за 900 беларусаў, якія нелегальна працавалі ў краіне3

Куды могуць дэпартаваць 323 беларусаў з ЗША пасля ўказа Трампа? І хто гэтыя людзі?1

Гэтую садавіну людзі масава спажываюць зімой. А яна літаральна нашпігаваная хіміяй9

Створаны асфальт, які сам сябе рамантуе і аднаўляе6

«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу2

У Вільні і Варшаве запускаецца адукацыйная праграма «Журфак па суботах», якая будзе рыхтаваць кадры для незалежных медыяў12

У Акадэміі навук прапануюць забараніць металашукальнікі9

Трамп уводзіць санкцыі супраць Міжнароднага крымінальнага суда21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»29

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць