Як Якуб Колас эвакуяваўся з ваеннага Мінска і чым паэт дапамог сям'і вядомага архітэктара Левіна
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстава, прысвечана 80-годдзю вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна аб’ядноўвае два імя — класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа і легендарнага архітэктара Леаніда Левіна. Гэта сумесны праект музея Якуба Коласа і Творчай майстэрні Леаніда Левіна, піша газета «Звязда».
Падчас куратарскай экскурсіі пра экспанаты выставы распавяла дачка Леаніда Левіна, вядомая архітэктарка Галіна Левіна, і праўнучка Якуба Коласа, супрацоўніца музея Васіліна Міцкевіч.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/img_1104_2-j5niy.jpg.webp)
Пясочніца на праспекце
Першая зала экспазіцыі прысвечана пасляваеннаму Мінску. Экспанаты, якія распавядаюць, як Якуб Колас цікавіўся працэсам аднаўлення горада, перажываў за адраджэнне Мінска, суправаджаюцца малюнкамі Леаніда Левіна.
— Мы ўпершыню прадстаўляем работу Леаніда Левіна 1940-х гадоў, на якой адлюстраваны пасляваенны Мінск, — распавядае Галіна Левіна пра яркі малюнак, з якога пачынаецца выстава. — Ён выконваў яе ў студыі Сяргея Каткова, што працавала ў Палацы піянераў. Сяргей Пятровіч збіраў па зруйнаваным Мінску дзяцей, і для іх, асабліва тых, хто застаўся без бацькоў, заняткі ў студыі былі магчымасцю дакрануцца да сямейнага цяпла. У студыі займаліся будучыя вядомыя мастакі Май Данцыг, Нэлі Шчасная, Таццяна Ханіна, Барыс Забораў. Мы знайшлі гэты малюнак ужо пасля сыходу з жыцця Леаніда Мендэлевіча ў нашым сямейным архіве. Леанід Левін намаляваў гэты гарадскі пейзаж у дванаццацігадовым узросце. На ім пазнавальная мясціна — сквер на пачатку сённяшняга праспекта Незалежнасці. Бачым цікавыя сямейныя сцэнкі. Вось мужчына ў капелюшы, седзячы на лаўцы, чытае газету; маці вядзе маленькага сына. Мне вельмі цікавая такая дэталь: пасярод сквера — проста насыпаная куча пяску, гэта імправізаваная пясочніца для дзяцей. Ва ўсім адчуваецца спакой мірнага жыцця, пасляваеннае шчасце.
Дазвол на вяртанне
І для Якуба Коласа, і для Леаніда Левіна Мінск быў горадам, дарагім сэрцу. Але Песняра і вядомага архітэктара яднаюць не толькі агульныя інтарэсы. Праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч распавяла гісторыю, якая аб’яднала сем’і Міцкевічаў і Левіных. У адной з вітрын экспазіцыі — ліст да Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча ад роднай цёткі Леаніда Левіна Марыі Райхельсон ад 14 красавіка 1945 года.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/img_1025_0-mc1z8.jpg.webp)
— Муж Марыі Райхельсон Ігар Малочнікаў служыў у адным палку з сярэднім сынам Якуба Коласа Юрыем. Напэўна, адзін і другі загінулі на вайне, але родныя не атрымалі дакладных звестак. І ў першым лісце да Якуба Коласа Марыя Райхельсон цікавілася лёсам яго сына Юркі і спрабавала знайсці звесткі пра свайго мужа. І прасіла Коласа даслаць ёй пацвярджэнне, што яе муж сапраўды знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі. Марыя Райхельсон у той час жыла далёка за межамі Беларусі, апекавалася сваімі дзецьмі, у тым ліку і маленькі Леанід Левін быў на яе выхаванні. І Колас даслаў такую даведку, за што Марыя Райхельсон у наступным лісце яму дзячыць.
І звяртаецца з яшчэ адной просьбай. Яна марыць вярнуцца на Беларусь — «Я уроженка гор. Минска, 8 лет я работала в клубе им. Сталина гор. Минска зав. библиотекой»… Але без выкліку нельга было атрымаць дазвол на вяртанне. «Моя просьба к вам выслать мне вызов на право получения пропуска на проезд, без вызовов пропуски не выдаются… Я обращаюсь к Вам потому, что у меня из родных абсолютно в Минске никто не остался в живых, и выслать вызов некому…» Колас выслаў выклік, і Марыя Райхельсон з сям’ёй, у тым ліку маленькім Леанідам Левіным, вярнуліся на Беларусь.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/img_1050_1-lc928.jpg.webp)
Галіна Левіна назвала адказ Якуба Коласа «словам вяртання» для іх сям’і, дзе заўсёды з удзячнасцю ўспаміналі Песняра.
Парцалянавы кубачак з папялішча
— Мінск стаў родным горадам для Коласа пачынаючы з 1921 года, калі ён вярнуўся з эвакуацыі пасля Першай сусветнай вайны, — распавядае Васіліна Міцкевіч. — Другая сусветная вайна разлучыла яго з горадам. Колас пільна сачыў за вызваленнем Беларусі, збіраў выразкі з газет, у якіх можна бачыць, як выглядае Мінск у пасляваенны час. Вызваленню і аднаўленню Мінска Колас прысвяціў шмат артыкулаў, іх можна пабачыць у вітрынах.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/img_1049-b3mvd.jpg.webp)
А вось што прыцягвае ўвагу наведнікаў — дык гэта белы парцалянавы кубачак са сціплым кветкавым малюнкам, беражліва склеены.
— Даваенны дом Якуба Коласа згарэў на трэці дзень вайны, — тлумачыць Васіліна Міцкевіч. — Сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч прыляцеў у вызвалены Мінск на самалёце ў 1944-м, калі яшчэ працягвалася нямецкая бамбёжка. Ляцець было небяспечна, але Даніла Канстанцінавіч адным з першых трапіў у вызвалены Мінск, прыйшоў на тое месца, дзе была іх хата ў Вайсковым завулку, гэта сучасная тэрыторыя парку Горкага. І вось толькі гэты парцалянавы кубачак быў знойдзены на папялішчы.
Гарадскі пейзаж з газетных выразак
У той жа зале прадстаўлены малюнкі пасляваеннага Мінска, выкананыя Леанідам Левіным. Частка з іх у незвычайнай тэхніцы — тое, што гэта калаж, можна зразумець, толькі ўшчыльную наблізіўшыся.
— Мы знайшлі гэтыя работы Леаніда Левіна, акуратна складзеныя ў папцы. Гэта канец 1960-х — 1970-я. Я памятаю іх, — распавядае Галіна Левіна. — Леанід Мендэлевіч выкарыстоўваў для калажаў выразкі з газет, пераварочваючы тэксты дагары нагамі, старонкі часопісаў, туш, акварэль… Вельмі любіў графічныя, падкрэсліваючыя лініі, што я ад яго пераняла. Калі вы прыгледзіцеся, то ўсе вось гэтыя цені на малюнку не графічна выкананыя, а выразаныя з каляровых паперак. Вялікую цікавасць уяўляе вось гэтая работа — від з дома маёй бабулі на праспекце Незалежнасці, 12. Гэта дом, у якім жыло шмат вядомых людзей, у тым ліку Міхась Лынькоў, Максім Танк.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/img_1115-tok27.jpg.webp)
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/img_1055_1-vjqio.jpg.webp)
Галіна Левіна звярнула ўвагу наведвальнікаў на выразныя графічныя замалёўкі закуткоў старога горада, зробленыя лаканічнымі чорнымі мазкамі. Белы фон паперы з часам пажаўцеў па краях, пацямнеў і зрабіўся такім жывапісным, быццам мастак адмыслова так задумваў.
Асобна прадстаўлена серыя работ з відамі Верхняга горада. Леанід Левін маляваў іх у 1980-я гады, калі займаўся рэканструкцыяй Верхняга горада сумесна з інстытутам «Белрэстаўрацыя».
— Ён шмат рабіў замалёвак, каб выкарыстаць у сваёй працы. Цікава, што на гэтых малюнках шмат адметных дэталяў, можна разгледзець трэшчыны на сценах, асыпаную тынкоўку.
З Мінска у Ташкент
Другая зала выставы прысвечаная Узбекістану, з якім звязаныя лёсы і Якуба Коласа, і Леаніда Левіна. Якуб Колас знаходзіўся там у эвакуацыі два з паловай года. У экспазіцыі шмат цікавых экспанатаў, якія ілюструюць той перыяд біяграфіі класіка, ёсць нават білет на цягнік за 7 жніўня 1941 года з Масквы ў Ташкент.
Прадстаўлены рукапіс успамінаў Коласа пра тое, як сям’я класіка пакідала Мінск, які ўжо руйнаваўся ворагам. Колас згадвае, як ішлі тысячы людзей, не маючы магчымасці нешта ўзяць з сабой, як гарэў горад. Вядома, у сям’і Міцкевічаў спадзяваліся, што не прыйдзецца сыходзіць. Каля дома выкапалі траншэю, каб хавацца. Але калі побач з домам узарвалася бомба, зразумелі — нельга чакаць. Пераначавалі ў Калодзішчах, адтуль выбраліся на цягніку ў Оршу, дзе трапілі пад бамбёжку нямецкіх самалётаў. Дапамог Янка Купала, даслаў машыну, і сям’ю Коласа перавезлі на дачу Купалы ў Ляўках.
Але вораг наступаў. Рушылі далей, на спадарожнай машыне, якая ехала з гродзенскага завода. Сям’ю Коласа пагадзіліся прыхапіць з сабой, таму што ў іх быў кошык з ежай. Так з вялікімі цяжкасцямі трапілі ў Клязьму пад Масквой, дзе жылі родныя жонкі Коласа Марыі Дзмітрыеўны. Там Колас сустрэўся з Купалам, і хутка ў Маскве яны пісалі «Зварот да беларускага народа», заклікаючы змагацца з ворагам.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/img_1105-901qi.jpg.webp)
У экспазіцыі залы можна пабачыць зборнік вершаў Коласа, выдадзены ў Ташкенце да яго юбілею ў перакладзе на ўзбекскую мову; рэчы, якія паэт прывёз з Ташкенту — піяла, цюбецейка… Ва Узбекістане дагэтуль добра памятаюць Якуба Коласа, лічаць яго сваім паэтам, у школе дзеці вучаць яго вершы.
Прыцягненне Бухары
У вітрыне побач з узбекскімі сувенірамі Якуба Коласа — сувеніры Леаніда Левіна. Экспазіцыя аформлена яго малюнкамі.
— З канца 1970-х Леанід Мендэлевіч працаваў ва Узбекістане, ствараючы помнік бухарцам, што загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, — распавядае Галіна Левіна. — У сваіх успамінах ён расказвае вельмі цікавую гісторыю. У інстытуце на архітэктурным факультэце, дзе ён вучыўся, усе студэнты рабілі адмыўкі класічных помнікаў архітэктуры. І Леанід Мендэлевіч выбраў для працы па прапанове свайго выкладчыка, вядомага архітэктара Віктара Волчака, помнік ІХ стагоддзя ва Узбекістане — маўзалей Ісмаіла Самані. Ён атрымаў за тую работу выдатную адзнаку. І праз шмат гадоў Леанід Левін нечакана апынаецца ва Узбекістане. Ён піша: «Судьба… Через пятнадцать лет стою у стен музея Исмаила Самани. Осень в Бухаре. Все в золоте этой поры года. Да и вся архитектура как бы выполнена из материалов, которые добавили золота. Вокруг полный покой. Парящая архитектура, сказочное ощущение. Прикасаюсь к телу шедевра… Мог ли я предположить, что наяву когда-нибудь окажусь у памятника, который рисовал студентом? Не как турист, как архитектор с определенной творческой миссией в Бухаре».
Любоў да Узбекістана перадалася ў яго малюнках. А Якуб Колас тую любоў, удзячнасць да гасціннай зямлі, што прытуліла, выказаў у сваіх літаратурных творах. Як зазначыла Галіна Леанідаўна, і для Якуба Коласа, і для Леаніда Левіна гэта было месца для спазнання новай культуры праз прызму Беларусі, праз супастаўленне колераў, ліній, гукаў.
Выстава атрымалася незвычайнай, вельмі «цёплай», кранальнай… Яна па-новаму адкрывае, набліжае да нас постаці класікаў літаратуры і архітэктуры, таму спяшайцеся яе наведаць.
Каментары