Дэпутат расійскай Дзярждумы паспяшаўся абвінаваціць Украіну і НАТА ў тэрактах у Дагестане. Яго нечакана прысароміў Рагозін
Экс-кіраўнік «Раскосмасу» заклікаў заўважыць бервяно ў сваім воку.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_10/ragozin231025-o7px7.jpg.webp)
Дэпутат расійскай Дзярждумы Абдулхакім Гаджыеў заявіў аб дачыненні Украіны і краін NATO да тэрактаў у Махачкале і Дэрбенце (гарады на поўдні Расіі ў Дагестане).
Са слоў парламентарыя, гэта «спроба разгайдаць сітуацыю ў Расіі на фоне поспехаў на фронце».
«Няма сумневу, што гэтыя тэракты так ці інакш звязаныя са спецслужбамі Украіны і краін NATO», — заявіў Гаджыеў у эфіры расійскага тэлебачання.
Гэтую пазіцыю нечакана раскрытыкаваў сенатар, экс-кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін, вядомы сваёй агрэсіўнай антыўкраінскай рыторыкай. У сваім тэлеграм-канале ён заклікаў не спісваць усе тэракты на Украіну і NATO.
«Я лічу, што калі мы кожны тэракт, замяшаны на нацыянальнай і рэлігійнай нецярпімасці, нянавісці і русафобіі, будзем спісваць на інтрыгі Украіны і НАТА, то гэты ружовы туман прывядзе нас да вялікіх праблем.
У чужым воку парушынку бачым, у сваім — бярвёны не разглядзім. А пара б», — напісаў Рагозін.
У Махачкале і Дэрбенце працягваюцца баі з баевікамі, якія раней напалі на цэрквы, сінагогу і паліцэйскіх. Паводле звестак сілавікоў, нападнікі былі звязаныя з групоўкамі вахабітаў.
Каментары