Урад Паўднёвай Карэі і кіроўная партыя «Сіла народа» збіраюцца да канца года прыняць закон, які забараняе ўжыванне ў ежу мяса сабак, піша The Washington Post.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_11/1920-boy-with-welsh-corgi-pembroke-lying-on-meadow-mz8fq.jpg.webp)
Закон запатрабуе ад сабачых фермаў, бойняў, гандляроў і рэстаранаў прадставіць план паэтапнай адмовы ад сабачага мяса мясцовым уладам. Пры ўмове падачы такога плану бізнэсу акажуць падтрымку. Мяркуецца, што забой сабак і продаж сабачага мяса цалкам забароняць з 2027 года.
«Прыйшоў час нашаму грамадству пакласці канец спажыванню сабачага мяса, улічваючы рост папуляцыі хатніх жывёл, павышаную дасведчанасць і міжнародную прысутнасць нашай краіны», — заявіў па выніках пасяджэння кіроўнай кааліцыі дэпутат Ю Ый Дон.
За прыняцце закона выступае і Дэмакратычная партыя — другая найбуйнейшая партыя Паўднёвай Карэі, якая цяпер знаходзіцца ў апазіцыі. Яшчэ ў верасні яе прадстаўнікі казалі, што ўхваляюць забарону.
Ідэя забароны сабачага мяса абмяркоўваецца ў Паўднёвай Карэі ўжо некалькі гадоў. У мінулым законапраекты, накіраваныя супраць вытворчасці і продажу сабачага мяса, пацярпелі няўдачу з-за пратэстаў з боку перапрацоўшчыкаў, уладальнікаў фермаў і рэстаратараў.
У новым законапраекце прадугледжаны трохгадовы тэрмін, каб згарнуць усю галіну.
Каментары