Якія ўніверсітэты паднялі цэны на навучанне і колькі цяпер будуць плаціць студэнты?
У сярэднім цэны выраслі на 10 адсоткаў. «Наша Ніва» паглядзела, колькі цяпер грошай выкладуць маладыя людзі за год навучання ў ВНУ.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/__nn_20190712_bun-4265-twg7r.jpg.webp)
Ілюстрацыйны здымак
БДУІР
У залежнасці ад факультэта навучанне на вочным аддзяленні каштуе ад 2600 да 4290 рублёў у год. Самыя дарагія — факультэт камп'ютарных сістэм і сетак, факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання, інжынерна-эканамічны факультэт.
Для першакурснікаў і другакурснікаў КСІС цана на навучанне — 4290 рублёў (у мінулым годзе гэта было 3900 рублёў).
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_07/2022-07-21132712-pr0gh.jpg.webp)
На гэтым жа факультэце цана на трэцім курсе складзе 4165 рублёў, чацвёртым — 3095. У 2021-м кошт быў 3790 і 2815 рублёў адпаведна.
На факультэце камп'ютарнага праектавання, факультэце інфакамунікацый, факультэце радыётэхнікі і электронікі (апроч адной спецыяльнасці) даведзецца аддаць 3870 рублёў за першы курс.
Для завочнікаў — першы і другі курс — цана на навучанне складае 1485 рублёў, далей яна паніжаецца да 1180 рублёў. Летась два першыя курсы навучання каштавалі 1280 рублёў.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_07/2022-07-21163644-eilwc.jpg.webp)
БДМУ
З 2021-га па 2022 навучанне па спецыяльнасці «Стаматалогія» будзе складаць 4404 рублі. У 2020-м студэнты плацілі на 400 рублёў менш.
Для студэнтаў, якія пойдуць вучыцца па спецыяльнасці «Лячэбная справа», «Педыятрыя», цана —3766 рублёў. У параўнанні з мінулым годам гэта на 342 рублі больш.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_07/2022-07-21140253-yy1c6.jpg.webp)
Самая танная спецыяльнасць — «Медыка-прафілактычная справа»: 3456 рублёў у гэтым годзе, раней — 3142.
БДЭУ
Кошт складзе 3181 рубель (летась — 2892 рублі) на вочным аддзяленні для першакурснікаў, з другога года навучання — 3115 рублёў.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_07/2022-07-21142940-20l4g.jpg.webp)
За навучанне на завочным аддзяленні трэба будзе заплаціць 1135 рублёў. Гэта на 103 рублі больш, чым у мінулым годзе.
МДЛУ
Вучоба на вочнай форме навучання для факультэтаў англійскай мовы, нямецкай, раманскіх моў, перакладчыцкага факультэта і факультэта кітайскай мовы (акрамя спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый») будзе каштаваць 3690 рублёў для першага курса. Раней гэта было 3360 рублёў.
Пачынаючы з трэцяга курса цана будзе змяншацца — 3660 рублёў. Летась яна складала 3330 рублёў.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_07/2022-07-21195536-otwwy.jpg.webp)
Дзённая форма навучання для факультэта міжкультурных камунікацый і факультэта кітайскай мовы па спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» таксама цяпер каштуе 3690 рублёў, у выпускны курс цана знізіцца да 1510.
Навучанне на завочнай форме зараз абыдзецца ў 1360 рублёў (раней гэта было 1240).
Каментары