Самае чытанае за 2016. Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расію ў трэніровачныя лагеры пад кіраўніцтвам неанацыстаў
Асобныя праваслаўныя святары аказаліся ўцягнутыя ў сумнеўную актыўнасць. Датычнай аказалася і віцебская арганізацыя беларускіх афганцаў «Братэрства».
У навагоднія святы «Наша Ніва» ўзгадвае самыя папулярныя артыкулы, якія з'явіліся на сайце за 2016 год.
* * *
Любая вайна прыцягвае садыстаў. Канфлікт на Данбасе не быў выключэннем. Сярод іншых, адзначыўся там нейкі Аляксей Мільчакоў з Санкт-Пецярбурга — камандзір так званай дыверсійнай групы «Русіч», якая ваявала за «ДНР». На ягоных старонках у сацыяльных сетках з'яўляліся фатаграфіі ўкраінскіх салдат з выразанымі на тварах свастыкамі і адрэзанымі вушамі.
Якое ж было наша здзіўленне, калі мы атрымалі фотаздымкі Мільчакова, які вядзе заняткі з беларускімі школьнікамі ў летнім лагеры ў Расіі.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/snimok-e-krana-2015-02-18-v-144308-1-kluwy.jpg.webp)
Гэты чалавек стаў вядомым яшчэ ў 2012 годзе, калі пад сцягам Трэцяга Рэйху адразаў сабакам голавы, пільна фіксуючы ўвесь працэс на фота.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/491399ddeff535ac9e4de9fe0e80217b-pconx.jpg.webp)
«Сабакі не толькі сябры чалавека, але і выдатны шашлычок», — пісаў на сваёй старонцы Укантакце Мільчакоў і заклікаў забіваць не толькі жывёл, але і бамжоў.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/a9d0a56dd68824c6856b77a301a40fd0-wm0og.jpg.webp)
Вайна на Данбасе стала выдатнай магчымасцю для самарэалізацыі Мільчакова.
Ужо там, ва Украіне, разам са сваімі аднадумцамі-нацыстамі з «Русіча», Мільчакоў адзначыўся тым, што проста на тварах забітых украінскіх жаўнераў выразаў васьміканцовыя свастыкі, адразаў ім вушы, рабіў на фоне трупаў «сэлфі».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/213fa48d605b1ec8b6cb25c381a4468b-n4vbf.jpg.webp)
Фота ўсіх ягоных «подзвігаў» не надаюцца на публікацыю праз іх бесчалавечнасць. Але ахвотным не складзе цяжкасці адшукаць іх у інтэрнэце.
Такім людзям не павінна быць месца ў цывілізаваным грамадстве.
Але менавіта да іх на выхаванне возяць беларускіх (!) дзяцей структуры, якія і раней фігуравалі ў трывожных кантэкстах.
Вось фота з «Велікодных ваенна-патрыятычных моладзевых збораў», якія прайшлі пад Масквой з 6 па 9 мая. Перад групай падлеткаў у паласатай цяльняшцы стаіць Мільчакоў.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/gmp3muzr-ds-9qav0.jpg.webp)
Як пішуць арганізатары, зборы прысвячаліся «пачатку Другой Сусветнай вайны і 100-годдзю брусілаўскага прарыву».
Арганізавалі гэтыя зборы Дыверсійная група «Русіч» з «ДНР», карпарацыя баявікоў «ДНР» E.N.O.T і «Некамерцыйнае партнёрства па адраджэнні казацтва».
Усе інструктары збораў належалі альбо да ЕНОТаў, альбо да «Русіча». Чым яны адметныя?
«Галоўная мэта — узнаўленне Рускага народа. Дзесьці інфармацыяй, а дзесьці «агнём і мячом» — паўсюль мы робім усё магчымае, ніколі не застаючыся абыякавымі», — пішуць пра сябе ЕНОТы і размяшчаюць відэа, дзе Гіркін-Стралкоў узнагароджвае іх за штурм Дэбальцава.
«Мы будуем тут рускую нацыянальную Чачню, дзе ўсё будзе толькі для рускага народу», — гэта ўжо баявік «Славян» з «Русіча» абазначае задачы свайго ўдзелу ў вайне на Данбасе.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/dc50dmi1ire-a9nvr.jpg.webp)
Каго яны трэніруюць? Дзяцей, якія займаюцца ў розных г.зв. «ваенна-патрыятычных» клубах па ўсёй Расіі.
Некалькі разоў на год правінцыйныя інструктары звозяць малалетак да прафесіяналаў з ЕНОТа і «Русіча», каб тыя ладзілі для дзяцей майстар-класы.
Іх вучаць нажавому, тактычнаму, рукапашнаму бою, стральбе з розных відаў зброі.
Сёлета на гэтыя ваенныя зборы прывезлі таксама малалетніх дзяцей з Віцебска, Друцка і Талачына.
Вось агульнае фота. Злева чырвоным пазначаныя баевікі «Русіча», у блакітным берэце сам Мільчакоў. А па цэнтры — малалетнія сябры «ваенна-патрыятычных» клубаў пры цэрквах Віцебскай епархіі разам са сваімі кіраўнікамі.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/utwzdftihly-v0ddd.jpg.webp)
А канкрэтна гаворка ідзе пра Талачынскае «Праваслаўнае ваенна-патрыятычнае братэрства імя святых благаверных князёў Барыса і Глеба прыхода храма Увядзення ва храм Прасвятой багародзіцы», «Казацкі» клуб «Вароты Паазер'я» (афіцыйна аформлены як «каманда палаца творчасці дзяцей і моладзі г. Віцебска), Друцкі «Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб імя Архангела Міхаіла», а таксама ваенна-патрыятычны клуб «Школа выжывання» пры віцебскай арганізацыі афганцаў «Братэрства» (кіраўнік «Братэрства» — старшы прапаршчык запасу Валерый Ананчанка).
Усімі вышэйназванымі «ваенна-патрыятычнымі» клубамі кіруе адна сямейная пара Гаўрыліных — Таццяна і Міхаіл.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/ii_abii-j0g-f0ejy.jpg.webp)
У Друцкім клубе пры прыходзе храма Раства святой Багародзіцы Таццяна Гаўрыліна — «атаман».
У афганскім «Братэрстве» — «член рады па рабоце з моладдзю».
У расійскім «партнёрстве па адраджэнні казацтва» — «сотнік».
Міхаіл жа паўсюль выконвае функцыі намесніка ў жонкі.
Цяжкасць «патрыятычнага» выхавання моладзі з імі дзеляць іерэй Талачынскага благачыння Алег Плаксіцкі і старшы навуковы супрацоўнік інстытута сацыялогіі РАН, казак Аляксандр Шаўчэнка.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/zybd_zsogro-ghnf9.jpg.webp)
Гэта яны на экскурсіі ў аршанскіх кадэтаў. Звярніце ўвагу на маленькага хлопца з медалём у колерах расійскага сцяга.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/93hb4elfpsk-tpkgm.jpg.webp)
Вось 10-гадовы навучэнец 9-й віцебскай гімназіі Андрэй Касьян буйным планам. На левай назе ў раёне калена ў хлопца латка.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/bnwg_xzggym-18keq.jpg.webp)
А вось ён жа на зборах у Падмаскоўі трымае ў руцэ палку. У хлопца той жа «медаль», тая ж самая латка на левай назе.
Побач стаяць таксама беларускія дзеці.
Што за асобы ў зялёным камуфляжы?
Спінай да камеры, з шаўронам «Русіча», стаіць расійскі неанацыст Ян Пятроўскі з пазыўным «Славян».
Вось ён на тых жа зборах са сваім камандзірам-скуралупам Мільчаковым.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/_uzvdf6fefi-7pjtp.jpg.webp)
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/tmkjd9-wask-hqvu2.jpg.webp)
Нават фота для свайго «інстаграма» сябры робяць у адных месцах і позах.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/-bzw3f.jpg.webp)
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/9w-ul-wavjc3-wqkhl.jpg.webp)
Ян увесь у наколках — на грудзях ў яго набіты «Зоненрад» — эмблема дывізій СС «Нордланд» і «Вікінг».
Іншыя інструктары збораў мала чым адрозніваюцца ад Мільчакова і Пятроўскага.
А вось што яны расказваюць дзецям! У кожнай фразе нянавісць да людзей.
«Пачынаеце страляць знізу, — Мільчакоў вучыць дзяцей на папярэдніх зборах забіваць «украў». — Табе адразу ахраненна тады. Страляеце па нагах. У праціўніка афігенна дупу рве. Нават калі ён у броніку, ён упадзе. Таму што некаторыя вясёлыя людзі ў данецкім аэрапорце ўмудрыліся выйсці вось так на укра, сказаць «ні..я сабе», і ў…аць яму чаргу бранябойна-запальнага з калаша. Укр загарэўся і, я думаю, ён падох, хутчэй за ўсё».
Галоўны ідэолаг збораў — расійскі публіцыст Валерый Шамбараў, вядомы такімі творамі, як «Акультныя карані Кастрычніцкай рэвалюцыі», «Як русічы перамаглі Дарыя і Македонскага» і г.д.
На відэа з леташніх збораў відаць, як ён расказвае дзецям, што «бандэраўцаў» трэніруюць амерыканскія дэсантнікі, таму вас, маўляў, таксама будуць трэніраваць людзі з баявым досведам, але «нашы, рускія».
Пры гэтым вітаюцца з дзецьмі словамі «Хрыстос уваскрос».
Аўтаматы, імперскія сцягі — вось дык патрыятычнае выхаванне для школьнікаў-беларусаў.
Сёлета ў сетцы з'явілася толькі кароценькае відэа.
Але як туды занесла беларускіх дзяцей?
Аказваецца, чарнасоценскі квартэт Плаксіцкага, Гаўрыліных і Шаўчэнкі займаецца «патрыятычным» выхаваннем беларускіх дзяцей з 2013 года.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/3-oekk8.png.webp)
Працаваць «ваенна-патрыятычныя» клубы адразу пачалі пад куратарствам расійскай арганізацыі «Некамерцыйнага партнёрства па спрыянні адраджэнню казацтва «Кубанскай казацкай асацыяцыі «Расія».
Пачынаючы з 2013 году гэтае «партнёрства» пачало арганізоўваць для дзяцей з Віцебскай епархіі праваслаўныя летнікі, дзе разам з рэлігійнай прапагандай іх таксама навучалі і… ваеннай падрыхтоўцы. Абсталяванне для адпрацоўкі тактычнага бою даваў віцебскі лазертаг-клуб «Кольт».
Увесь працэс можна адсачыць на ютуб-канале Алега Плаксіцкага.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/hiavjlpxwga-vrm6c.jpg.webp)
Туды ён запампоўваў відэасправаздачы з большасці збораў, што арганізоўваліся Талачынскім благачыннем і расійскім казацкім «партнёрствам».
Вось адна з першых.
Гаўрыліны — таксама сябры гэтай «Кубанскай казацкай асацыяцыі», якая фігуруе напачатку відэа. Таццяна — «сотнік», яе муж — «падхарунжы».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/-jvf1e.png.webp)
Дарэчы, Гаўрыліны ўжо з'яўляліся ў беларускіх СМІ — тады мы пісалі, што ў 19-ю аршанскую школу з дзіўным візітам прыехалі нейкія казакі.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_06/kazakiorsha110615-1-s7sl5.jpg.webp)
Тады Гаўрыліна ўручала дзецям «медалі» з расійскім трыкалорам.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_06/kazakiorsha110615-gbk0l.jpg.webp)
Што думаюць бацькі тых дзяцей, якія пабывалі ў лагерах чарнасоценцаў?
Мы пагаварылі з бацькамі малалетняга Арсеня Касьяна і яшчэ аднаго хлопца, Андрэя Талерчыка. На фота ён у цёмнай майцы.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/bnwg_xzggym-18keq.jpg.webp)
«Я ведала, куды яны едуць. Яны ехалі з кіраўніком, а кіраўнік ужо ведае, хто там чым займаецца. Мы ўжо год там займаемся і давяраем гэтай жанчыне. Сыну падабаецца — сустрэчы для нас арганізоўвалі розныя, і ў Оршу мы ездзілі, сустракаліся з кадэтамі. Мы грамадзяне сваёй краіны і патрыёты. Гэта проста як для хлопчыка — ваенная падрыхтоўка. Я разглядаю ў гэтым ключы. Пакуль у мяне ніякіх падазрэнняў не выклікае», — сказала Вольга, маці маленькага Арсеня.
Мы пацікавіліся ў яе, як патрыятызм спалучаецца з расійскімі шаўронамі, што яе сын носіць на сваім кіцелі.
«Гэта ён мяне папрасіў нашыць», — сказала жанчына.
«Мы ўвогуле туды выпадкова патрапілі: муж па восені ўбачыў каля моладзевага цэнтра дзяцей у камуфляжнай форме, спытаў, што гэта ў іх тут. Яму сказалі, што клуб. Ён кажа — можна да вас? Ну вось так было. А за паездку гэтую мы нядорага аддалі — 500 рублёў «расіі» [каля 150 тысяч беларускімі], — дадала жанчына.
А вось маці Андрэя Талерчыка з жахам сказала, што яна не ведала, якія інструктары будуць на «зборах» і перастала здымаць трубку.
Дазваніліся мы і да старшыні віцебскай афганскай арганізацыі «Братэрства» Валерыя Ананчанкі.
Менавіта праз гэтую арганізацыю ў лагер трапіў той самы Талерчык.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/xqanuvnfi_u-ser06.jpg.webp)
Ананчанка сказаў, што ён «нічога не ведае» і абяцаў «разабрацца». Таксама ад яго мы даведаліся, што Гаўрыліна не мае дачынення да Афганскай вайны — паводле статута «Братэрства», для сяброўства неабходна толькі быць паўналетнім і мець цікавасць да афганскай тэмы.
Дарэчы, клубы Гаўрыліных бываюць і на ваенна-палявых выхадах, што арганізоўваюць псеўдаказакі «Казацкага спасу» начале з Пятром Шапко.
Раней «Наша Ніва» пісала пра вельмі падобную сітуацыю ў Гродзенскай епархіі, дзе пры падтрымцы асобных святароў псеўдаказакі вядуць аналагічную актыўнасць.
Каментары