Са «шпіёнам» лукашэнкаўскага рэжыму на Дні Волі ў Вільні пагарачыліся. Ён аказаўся літоўскім журналістам
Літоўскія СМІ высветлілі, што насамрэч чалавек, які здымае беларускую акцыю на камеру, — гэта не былы беларускі сілавік Андрэй Трапашка, а літоўскі журналіст Дарус Матайціс, прадстаўнік Scanpix Baltics у Літве, піша выданне 15min.lt.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_03/darius_mataitis-lvp4h.jpeg.webp)
«Я не першы раз запісваю мерапрыемствы беларускай апазіцыі ў Літве. Іх фота ў фотабанку Scanpix даволі шмат. У той дзень я ўбачыў, што нейкі чалавек падышоў вельмі блізка да мяне і здымаў мяне на відэа ці тэлефон. Тады я адразу падумаў, што гэта можа выклікаць праблемы ў будучыні, але ён толькі здымаў, не прасіў мяне назваць сябе, не пытаўся, адкуль я», — расказаў журналіст літоўскаму парталу 15min.
На пытанне, ці звяртаўся да яго ў той вечар хто-небудзь з просьбай паказаць акрэдытацыю, Матайціс адказаў адмоўна.
«Таксама побач стаяў паліцэйскі патруль, яны маглі адразу падаць заяву, я б паказаў усе дакументы», — сказаў суразмоўца.
Дарус Матайціс падкрэсліў, што ў Літве пры здымцы ці фотаздымцы публічных мерапрыемстваў не абавязкова мець дадатковы дазвол.
Журналіст быў непрыемна здзіўлены скандалам. Тым больш што паміж ім і лукашэнкаўскім сілавіком, на яго думку, ёсць толькі адно падабенства — яны абодва лысыя.
Каментары