«Помста за смеласць». Што вядома пра адваката Данілевіча, якога забралі ў КДБ?
Адвакат Аляксандр Данілевіч перастаў выходзіць на сувязь 20 мая. Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Сабралі, што вядома пра яго, на гэты момант.
Старэйшы сын Аляксандра (Данілевіч — шматдзетны бацька) распавёў «Нашай Ніве», што яны з бацькам сустрэліся напярэдадні яго «знікнення»:
«Я аддаў бацьку ровар і мы разышліся па дамах, а пазней увечары ён перастаў быць анлайн ва ўсіх сацсетках і не адказваў на званкі».
Пасля, 23 мая, Данілевіч аб’явіўся ў Тэлеграме на некаторы час — сваякі выказваюць здагадку, што ў тэлефоне сядзелі тыя, хто яго затрымаў. Больш ніякіх навін ад Аляксандра не было.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_05/photo_2022-05-21_16--zdt5c.jpg.webp)
Ні блізкія, ні калегі пакуль не могуць сказаць дакладна, за што затрымалі Аляксандра. Яго адвакат знаходзіцца пад падпіскай. Калегі таксама не ў курсе дэталяў.
«На жаль, у гэтых умовах цяжка нешта высветліць», — як адзін адказвалі нам знаёмыя з Аляксандрам юрысты. Некаторыя ўвогуле адмовіліся ад каментарыяў.
«З апошняга — тата падпісаў адкрыты антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеянняў ва Украіне, але мы не ведаем, ці звязана гэта неяк», — кажа сын Аляксандра.
Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 год выкладаў на факультэце міжнародных адносін.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_05/screenshot2022-05-24at103204-guhj4.png.webp)
Для студэнтаў яго сыход стаў сапраўднай стратай. Вось як пра яго адгукаецца адна са студэнтак Саша:
«Аляксандр Станіслававіч — найталенавіцейшы выкладчык, з суперпадачай матэрыялу, харызмай і пачуццём гумару. І, як мы ўсе бачым па сітуацыі, што склалася, адданы сваім прынцыпам і сумленны.
Ëн адзін з нешматлікіх выкладчыкаў права, які асабіста ў мяне выкараніў страх да юрыдычнай прафесіі. І калі шмат хто ва ўніверсітэце спрабаваў напалохаць вялікай канкурэнцыяй на рынку працы, то ён нам на выпускным курсе сказаў: «Не перажывайце, дзеці, усё ў вас усіх будзе добра».
Сябар Аляксандра выказвае здагадку, што гэта помста яму за смеласць і сумленнасць у выказваннях: адвакат не хаваў сваю грамадзянскую пазіцыю, вёў сацсеткі па-беларуску, абараняў членаў Свабоднага аб’яднання спартсменаў — напрыклад, гандбольнага трэнера Канстанціна Якаўлева.
Данілевіч любіць спорт. Адна з яго аддушын — веславанне, на якое ён падсаджваў усіх знаёмых. У Аляксандра некалькі каякоў.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_05/screenshot2022-05-24at103421-jyprp.png.webp)
Не так даўно ён таксама захапіўся лыжамі і лыжаролерамі.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_05/screenshot2022-05-24at104414-qd70r.png.webp)
Але, канечне, асноўную частку яго жыцця займала любімая праца. Данілевіч — вядомы і паспяховы адвакат. Спецыялізуецца на прадстаўленні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камерцыйным арбітражы.
Ëн лаўрэат прэміі «Феміда» у намінацыі «Трацейскі суд» — найвышэйшай грамадскай юрыдычнай узнагароды ў Беларусі, заснаванай Беларускім саюзам юрыстаў (2016 г.). Аўтар раздзелаў «Міжнароднае прыватнае права. Беларусь» і «Спартовае права. Беларусь» у Сусветнай энцыклапедыі. Добра валодае не толькі беларускай і рускай мовамі, але і англійскай, французскай, італьянскай.
Адным са знакамітых кліентаў яго адвакацкага бюро ў Беларусі з’яўляецца футбольны клуб «Крумкачы».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_05/screenshot2022-05-24at105651-81zsi.png.webp)
Каментары