OnlyFans блакуе акаўнты, зарэгістраваныя у Беларусі і Расіі. Эратычная мадэль — беларуска: «Ідзе вайна, я падтрымала Украіну»
Акаунт Марыі (імя змененае па просьбе гераіні матэрыялу) заблакавалі без папярэджання. Калі стала вядома, што Беларусь і Расію могуць адключыць ад SWIFT, сэрвіс OnlyFans пачаў масава блакаваць акаунты, зарэгістраваныя ў гэтых краінах, расказвае дзяўчына.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_02/2022-02-27154025-a6va4.jpg.webp)
Марыі 27 гадоў, яна ўраджэнка Беларусі. Калісьці вучылася на спецыяльнасці «сусветная эканоміка», але ўніверсітэт так і не скончыла.
«Калі мы паступалі, абяцалі, што наша спецыяльнасць атрымае адпрацоўку ў гарадах, — кажа Марыя. — Але калі я ўбачыла месцы для размеркавання — вырашыла ўніверсітэт кінуць. Мне не хацелася праводзіць два гады ў калгасе. Пасля я займалася фатаграфіяй, малявала на замову. Захапілася касплэем, рабіла фотасесіі па гульнях, «League of Legends», напрыклад.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_02/2022-02-27154011-csfp7.jpg.webp)
Паціху пачала зарабляць продажам здымкаў, зарэгістравалася на Patreon. Але гэты сервіс меў кепскія ўмовы для мадэляў, кепскую тэхпадтрымку. Таму я перайшла на OnlyFans, дзе і зарабляю ўжо гады два.
Спачатку я здымалася толькі ў тэматычных фотасесіях, пасля ў бялізне, адносна нядаўна пачала здымацца ню.
Бацькі ведаюць, чым я займаюся, рэагуюць цалкам адэкватна. Фота ў касцюмах нават бабулі паказваюць. Эратычныя здымкі іх таксама не засмучаюць. Ну, ці проста яны не кажуць мне, што ім не падабаецца. Рабіць порна ў нас і незаконна, і я сама не хачу. Эратычныя фота — так, але нічога больш, дакладна».
Марыя зарабляе наступным чынам: карыстальнік за грошы можа падпісацца на яе акаунт. Падпіска на доўгі тэрмін звычайна выходзіць танней, чым на кароткі. За гэта падпісчык атрымлівае доступ да фотаздымкаў, відэа з бэкстэйджаў, якія выкладвае дзяўчына.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_02/1-so3fr.jpg.webp)
«Таксама падпісчыкам адкрываецца магчымасць перапісвацца са мной. Я магу адпраўляць ім дадатковы кантэнт у прыватныя паведамленні за асобную аплату, — тлумачыць Марыя. — Месячная падпіска ў мяне каштавала 18 даляраў, але амаль заўсёды была зніжка больш за 50%: я адмыслова ставіла вялікі кошт падпіскі, каб ляпіць зніжкі на яе, людзі зніжкі любяць.
Але цэны бываюць зусім розныя: у нейкіх мадэляў 5-6 даляраў, у іншых і 35 бывае. Дадатковае паведамленне з фатаграфіямі ню я раблю за 200 даляраў. За гэта падпісчык атрымае вялікі фотасэт, некалькі дзясяткаў здымкаў».
Ад грошай, якія зарабляе мадэль, OnlyFans бярэ 20%, пасля як правіла трэба даплаціць за вывад сродкаў. Да мадэлі даходзіць прыкладна 70% ад сумы. Заробак выходзіць вельмі розны, кажа Марыя, бо яна шмат траціць на касцюмы, аплачвае фатографа. Дакладныя сумы дзяўчына называць не хоча, але, кажа, бывала і некалькі тысяч даляраў.
«Але апошнія месяцы хапала толькі на арэнду кватэры і ежу, адкласці нічога не атрымлівалася. Бо і каронавірус, і вельмі шмат мадэляў з’явілася, вялікая канкурэнцыя», — тлумачыць Марыя.
26 лютага дзяўчына раптоўна даведалася, што яе акаунт больш не актыўны.
«Мне пра гэта паведаміла мая сяброўка-мадэль, яна пра блаікроўку свайго акаунта даведалася ад падпісчыкаў. Ніякіх паведамленняў ад сервіса не было, — кажа Марыя. — Пры гэтым, я сама магу зайсці ў свой акаунт, я не бачу, што ён забанены, падпісчыкі таксама могуць падпісвацца — але вывесці грошы я не змагу. Падпісчыкі атрымаць грошы назад таксама не змогуць. Усё проста застанецца OnlyFans.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_02/2022-02-27154019-l163u.jpg.webp)
Я звязвалася з тэхпадтрымкай, атрымала некалькі стандартных адказаў: разгледзім пытанне, дзякуй, што звязаліся з намі. Але рэакцыі нуль.
Наколькі я ведаю, блакуюць усіх, хто рэгістраваўся з Расіі і Беларусі. Знаёмую дзяўчыну з украінскім пашпартам, якая рэгістравалася з Расіі, таксама заблакавалі».
Дакладныя прычыны блакіроўкі Марыя пакуль не ведае. Яна мяркуе, што гэта звязана не столькі з нападам Расіі на Украіну, колькі з пагрозай адключэння расіян і беларусаў ад SWIFT. Цяпер мадэль зарэгістравалася на іншым сервісе, аналагічным OnlyFans, там абяцаюць, што блакаваць акунты не збіраюцца.
Цікава, што некалькі месяцаў таму Марыя пераехала з Беларусі ў Расію, сёння жыве ў Маскве.
«Я з’ехала з Беларусі, бо ў нас не вельмі прыемная палітычная абстаноўка, знаходзіцца ў краіне было нервова і трохі страшна, — расказвае дзяўчына. — Вырашыла пашукаць больш спакойнае месца. Еўропа мне не вельмі падабаецца, плюс візы, усякае такое, таму выбірала паміж Кіевам і Масквой.
Вельмі люблю Кіеў, але ў сталіцы Расіі ў мяне банальна было больш знаёмых, таму перабралася туды, Я разумела, што магчымы нейкі чарговы канфлікт у ДНР і ЛНР, але такога, каб Кіеў бамбілі — я не чакала.
І ад таго, што цяпер адбываецца паміж Расіяй і Украінай я проста ў шоку. Усе мае знаёмыя расіяне ў шоку і ў жаху ад гэтай вайны, намагаемся хаця б неяк распаўсюджваць інфармацыю, данаціць.
Але калі браць расійскае грамадства агулам, я бачу, што хапае і тых, хто не супраць вайны. У сацсетках бачу, як знаёмыя выказваюць такую пазіцыю — у такім выпадку нават не спрачаюся з імі, проста адпраўляю ў бан.
Я падтрымала Украіну, бо відавочна, хто агрэсар, а хто ахвяра канфлікту. Вайна ідзе на украінскай тэрыторыі, не Украіна напала на Расію, а Расія на яе. Мае сябры-украінцы пішуць, дасылаюць відэа, я бачу, што адбываецца, і вельмі спачуваю ім, хачу, каб гэта як мага хутчэй скончылася. Для мяне гэта ўсё відавочная агрэсія з боку Расіі».
Каментары