Сумесна з нямецкім брэндам прафесійных прылад для пісьма rOtring і афіцыйным дыстрыб'ютарам брэнда ў Беларусі — кампаніяй Universal Press — мы працягваем праект «Сучасны беларускі дызайн з rOtring».
Мы пагутарылі з беларускімі ілюстратарамі пра тое, чаму «карцінкі» патрэбныя і ў дзіцячых, і ў дарослых кнігах, а таксама дзе вучаць кніжнай ілюстрацыі.
«Беларускіх кніжных ілюстратараў цэняць ва ўсім свеце. Акрамя Беларусі»
Мастак-ілюстратар, скульптар, графік Уладзімір Вішнеўскі выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ужо 30 гадоў. Ён вучыць студэнтаў кампазіцыі, жывапісу, працы з матэрыялам.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/001-1iq7w.jpg.webp)
Калі ён будзе паказваць майстэрні і расказваць, як ствараюцца літаграфіі, у тым ліку кніжныя, да яго падыдзе студэнтка з эскізам.
«Гэта кепска, вельмі кепска, — скажа Уладзімір Мікалаевіч сваёй вучаніцы. — Вы, моладзь, глядзіце на свет быццам праз экран сваіх смартфонаў. Выйдзіце за межы, свет значна шырэйшы».
Менавіта гэта трэба ўсведамляць мастаку-кніжніку, мяркуе спадар Уладзімір:
«Кніжны ілюстратар павінен думаць комплексна. Бо ён фактычна і стварае кнігу. Гэта трэба вельмі пастарацца, каб напісаную калісьці і кімсьці кнігу чытач узяў у рукі, захацеў яе набыць. Супервокладка, вокладка, тытул, шрыфты — усё працуе на тое, каб кніга стала адметнай. Гэтаму мы і стараемся вучыць нашых студэнтаў».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/002-y29m8.jpg.webp)
Сёння ў Акадэміі мастацтваў ілюстратараў рыхтуюць на аддзяленнях графікі, станкавай графікі і графічнага дызайну. На графічным дызайне надаюць больш увагі стварэнню рэкламы і плакатаў, але таксама даюць асновы графікі, у тым ліку кніжнай.
«Калі мастак хоча, каб на яго малюнку чытач спыніўся, засяродзіўся, то ён змесціць яго справа ў кнізе. Калі ж дзеянне кнігі не павінна перарывацца, малюнак мусіць лагічна ўплесціся ў аповед, таму граматны мастак змесціць яго злева на старонцы», — тлумачыць Уладзімір Вішнеўскі.
Акрамя спецыяльных ведаў, якія патрабуюцца кніжнаму ілюстратару, Вішнеўскі лічыць вельмі важным агульную культуру, начытанасць, выхаванне на найлепшых прыкладах.
Топ беларускіх ілюстратараў ад акадэміка з 30-гадовым стажам
- Павел Татарнікаў
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/003-3agfv.jpg.webp)
«Павел, напэўна, самы вядомы і заслужаны кніжны ілюстратар у Беларусі, аўтар больш за 100 партэтаў беларускіх князёў і іншых выбітных дзеячаў. Ён адзіны, хто двойчы заслугоўваў гран-пры на прэстыжнейшым біенале ў Братыславе. Павел рабіў ілюстрацыі для англійскіх, японскіх, італьянскіх выданняў».
Адна з апошніх буйных работ Татарнікава — аздабленне кнігі «Айчына» Уладзіміра Арлова.
- Аляксандр Шэвераў
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/004-9326o.jpg.webp)
Ён быў заснавальнікам выдавецтва «Юнацтва», дзе сабраў пад сваім крылом дзясяткі ілюстратараў, на чыіх работах вырасла не адно пакаленне дзяцей.
- Мікола Селяшчук
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/005-ia3p7.jpg.webp)
«Почырк» гэтага ілюстратара вядомы многім дзецям. Мікола афармляў кнігі казак, зборнікі вершаў Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Пятра Глебкі, Яўгеніі Янішчыц і іншых.
- Валер Славук
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/006-ks63b.jpg.webp)
«Ілюстрацыі Валера вельмі пазнавальныя. У яго малюнках ёсць такая адметнасць, што каго б ён ні маляваў, звера ці птушку, усе яны будуць з чалавечым абліччам, са сваім характарам», — так характарызуе работы Славука Уладзімір Вішнеўскі.
Таксама сярод вядомых і пазнавальных беларускіх ілюстратараў Вішнеўскі адзначае Уладзіміра Савіча, Міколу Казлова, Тамару Шэлест, Уладзіміра Даўгялу, Вячаслава Валынца і Юрыя Якавенку. Сябе Уладзімір Мікалаевіч да найлепшых мастакоў-ілюстратараў не адносіць.
«Я больш графік, скульптар. Хаця адной са сваіх самых удалых работ лічу працу над кнігай «Вянок беларускіх народных песень».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/007-ipyit.jpg.webp)
Беларускіх ілюстратараў, кажа Уладзімір, ведаюць ва ўсім свеце.
«Дзякуючы таму, што беларускія мастакі імкнуцца прадстаўляць сябе на міжнародным узроўні, нас ведаюць і цэняць. Але не ў Беларусі. У Польшчы, напрыклад, аж шэсць мастацкіх акадэмій, але нашых ілюстратараў вылучаюць, запрашаюць да супрацоўніцтва. Але ў плане прэзентацыі сябе Беларусь — вельмі адсталая краіна. Мы не праводзім ніякіх пленэраў, выстаў. Калі робіцца нешта, то за ўласныя грошы саміх мастакоў. На жаль».
Чытайце іншыя матэрыялы праекта «Сучасны беларускі дызайн з rOtring»:
-
Беларускі дызайн: як ствараюцца лагатыпы і хто стаіць за «вокладкай» нашых брэндаў
-
Vulica Brasil: як дзякуючы фестывалю Мінск перастаў быць шэрым
-
Журавіны-пацалункі і лямпачкі-жукі — як у Беларусі ствараюць упакоўкі, якія рвуць міжнародныя конкурсы
«Калі кніга выходзіць, я сама да канца не магу ў гэта паверыць»
Мастачка Кацярына Дубовік сваім лёсам ілюстратара быццам пацвярджае словы аднаго са сваіх выкладчыкаў. Каця з’ехала з Беларусі і цяпер працуе ў Амстэрдаме.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/katsiaryna_dubovik-oos66.jpg.webp)
«Смешна казаць пра тое, што кніжны ілюстратар у Беларусі можа зарабіць на жыццё сваімі працамі. Асабліва, калі праца над адной кнігай доўжыцца восем месяцаў».
Кацярына вучылася на аддзяленні станкавай графікі ў Акадэміі мастацтваў, але на чацвёртым курсе зразумела, што кніга — гэта тое, чым яна хоча займацца.
Пачыналася захапленне кнігамі з дыпломнай працы «Шахматная навела» Стэфана Цвейга. Пасля мастачка аформіла кнігі «Аліса ў краіне цудаў», «Пітэр Пэн», шэраг казак, як для беларускіх, так і для замежных выдавецтваў.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/3chessstory-cyza0.jpg.webp)
Галоўнае, на думку дзяўчыны, не сядзець на месцы, а самому нешта рабіць дзеля таго, каб мара ўвасобілася ў жыццё.
«Я патэлефанавала Змітру Вішнёву, заснавальніку выдавецтва «Галіяфы», сама прапанавала яму супрацоўніцтва. Ён пагадзіўся. Для выдавецтва я аформіла некалькі кніг, у тым ліку кнігу Надзеі Ясмінскай «Сем ружаў».
Адной са сваіх любімых работ Кацярына лічыць працу над «Алісай у краіне цудаў».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/4-c35ns.jpg.webp)
«Мне вельмі дапамог пераклад на беларускую мову Веры Бурлак. Я так рагатала, калі чытала гэтую кнігу. Таму і персанажаў вельмі палюбіла і ўбачыла іх такімі».
Усе ілюстрацыі Кацярына малюе ад рукі і карыстаецца графічнымі рэдактарамі толькі пры падрыхтоўцы напрацаванага матэрыялу да друку.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/11-ak3ng.jpg.webp)
«Я сумняваюся заўсёды ў сваіх работах, задаю сабе пытанні кшталту: ці зрабіла я ўсё, што магла? Ці гэта той узровень, да якога я хачу наблізіцца? Гэта нармальны стан мастака — заўсёды задаваць сабе пытанні. І калі кніга ўрэшце выходзіць, я не адразу магу паверыць у тое, што ўсё атрымалася, што знайшліся грошы на выданне, што зоркі так сышліся».
«Персанаж кнігі ў роўнай ступені падпарадкоўваецца і аўтару, і мастаку, бо яны абодва — рэжысёры кнігі», — упэўненая Кацярына.
«Я ведаю, што персанаж, герой кнігі, павінен жыць сваім жыццём і рухацца ўслед за чытачом па старонках кнігі. А куды яго прывядзе гэтая сцежка — ведаюць аўтар і мастак. І чым больш душы ўкладзена ў персанажа, тым цікавей чытачу будзе падарожнічаць услед за героем».
«Мне цікавей працаваць з дзіцячымі кнігамі, таму што я — касманаўт»
Калі цяпер спытаць ў Надзі Букі, хто яна больш: мастачка ці ілюстратарка, то яна адказвае — ілюстратарка. Бо кніжная ілюстрацыя — гэта тое, што займае амаль увесь час, гэта тое, за што яна атрымлівае грошы, гэта чарга з пісьменнікаў, якія хочуць, каб чытачы пабачылі іх свет вачыма Надзі.
«Гэта вельмі дзіўны досвед, калі паказваеш пісьменніку намаляванага героя, а ён кажа, што менавіта так і ўяўляў яго сабе. Калі адбываецца так, значыць, мы зразумелі з аўтарам адно аднаго. Бывае, даводзіцца і пераконваць. Але я лічу, што апошняе слова ў афармленні павінна быць менавіта за мастаком, а не за аўтарам. Мы ж робім агульную справу».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/009-hgsuh.jpg.webp)
«Любоў да якаснай кніжнай ілюстрацыі ў мяне з ранняга дзяцінства. Мой бацька, мастак, ездзіў нават у Маскву за рэдкімі прыгожымі кнігамі. У бібліятэцы мяне цікавілі толькі тыя кнігі, дзе былі прыгожыя ілюстрацыі. Калі мне было 17 гадоў і я заканчвала музычны каледж у Маладзечне, трэба было вызначыцца з тэмай дыплома. Я абрала кніжную ілюстрацыю. Толькі ілюстрацыі не малявала, а выразала з паперы. Тады пачалася і «буцінанка» — несіметрычная выцінанка».
Пасля прыяцель Надзі Мікіта Найдзёнаў папрасіў аформіць яго кнігу вершаў «Развітанцы». Бука таксама зрабіла яе ў стылі буцінанкі. Пасля гэтага, як гаворыцца, спрацавала сарафаннае радыё. Розныя музычныя гурты і часопісы сталі замаўляць у мастачкі аздабленне сваіх вокладак.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/011-8qzyx.jpg.webp)
Год таму Надзя як ілюстратарка ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Цёткі за кнігу «Бася і Піглас», якую яна і прыдумала.
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/010-5lama.jpg.webp)
«Бася і Піглас» стала для Надзі першым досведам ілюстрацыі дзіцячай кнігі. Яна малявала ад рукі з дапамогай акварэлі і лінэра.
«Дзіцячыя кнігі аздабляць у разы цікавей, бо размах шырэйшы. Тым больш, я сама касманаўт і люблю ствараць і адкрываць сусветы. Але праца з дзіцячымі кнігамі патрабуе дасканаласці, каб ілюстрацыя адпавядала тэксту на старонцы. Працую я ад рукі, таму што ўпэўненая, што малюнкі павінны захоўваць энергетыку мастака. Дзяцей жа не падманеш: калі ім не спадабаюцца малюнкі, кніга ніколі не стане ўлюбёнай».
![](http://d3ge8ctsmrv6s9.cloudfront.net/img/w1056d4webp1/photos/z_2018_11/008-vum8q.jpg.webp)
Як ілюстратарка, за кнігу «Бася і Піглас» Надзя атрымала ганарар у 400 рублёў.
«Быць ілюстратарам у Беларусі выгадней, чым пісьменнікам. Ганарары ў разы большыя, чым у аўтараў. Ілюстратар можа працаваць як з выдавецтвам, так і з пісьменнікам непасрэдна. Я працавала і так, і так. Канечне, больш прыемна працаваць з пісьменнікам наўпрост. Таму што выдавецтвы плацяць толькі тады, калі прадасца палова тыражу кнігі, а гэта значыць, што могуць заплаціць і праз год».
Надзя Бука расказвае, што вельмі важна з выдавецтвам узгадняць макет будучай кнігі, інакш задуму аўтара могуць проста сапсаваць. Так было з «Басяй і Пігласам». У выдавецтве змянілі колеры, абрэзалі некаторыя малюнкі.
У бліжэйшых планах Надзі — ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў Паўла Гушынца і Надзеі Ясмінскай. А таксама праца над працягам гісторыі пра дзяўчынку Басю і птушак Пігласаў.
«Таксама ў галаве я выношваю задуму стварыць беларускі комікс для дарослых. Гэта будзе фэнтэзі».
Дзе набыць rOtring?
- Афіцыйны дыстрыб'ютар rOtring — кампанія Universal Press. Абслугоўванне карпаратыўных кліентаў і дылераў.
- Раздробны продаж і кансультацыі прыватных кліентаў —студыя каліграфіі Calligraphy.
Каментары