Трамп забараніў трансгендарным спартсменкам удзельнічаць у жаночых спаборніцтвах
6.02.2025 / 7:34
«З гэтага часу жаночы спорт будзе толькі для жанчын», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў анансаваны раней указ, які закрывае трансгендарным спартсменкам доступ на жаночыя спартыўныя спаборніцтвы, паведамляе Бі-бі-сі.
«З гэтага часу жаночы спорт будзе толькі для жанчын, — сказаў Трамп у асяроддзі жанчын і дзяўчынак-спартсменак перад падпісаннем указа ў Белым доме. — З гэтым указам вайна з жаночым спортам скончаная».
З ягоных слоў, ЗША будуць адмаўляць у візах трансгендарным спартоўцам.
Указ будзе мець сілу пераважна на школьных, універсітэцкіх і аматарскіх спаборніцтвах, аднак Трамп заявіў, што будзе дамагацца ад Міжнароднага алімпійскага камітэта змены правілаў у дачыненні да спартоўцаў-трансгендараў да пачатку Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджэлесе ў 2028 годзе.
«У апошнія гады многія адукацыйныя ўстановы і спартыўныя асацыяцыі дазволілі мужчынам спаборнічаць у жаночых відах спорту. Гэта зневажальна, несправядліва і небяспечна для жанчын і дзяўчынак і пазбаўляе іх роўных магчымасцяў удзельнічаць і мець поспех у спаборніцкіх відах спорту», — гаворыцца ва ўказе «адхіленне мужчын ад жаночага спорту».
Падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы Трамп абвясціў, што дзяржаўная палітыка ЗША будзе прызнаваць толькі два полы — мужчынскі і жаночы, пасля чаго таксама падпісаў адпаведны ўказ. Як адзначае CNN, перш чым падпісаць указ у сераду, Трамп паўтарыў леташняе ілжывае сцвярджэнне аб тым, што дзве алімпійскія чэмпіёнкі, якія заваявалі золата ў спаборніцтвах па боксе сярод жанчын у 2024 годзе, былі мужчынамі, якія ўчынілі трансгендарны пераход.
«Хто можа забыцца леташнія Алімпійскія Гульні ў Парыжы, дзе мужчына-баксёр скраў залаты медаль у жанчын, так жорстка Расправіўшыся са сваёй спаборніцай, што яна была вымушаная здацца пасля 46 секунд бою, і гэта быў чэмпіёнскі бой», — сказаў Трамп.
Гэтыя сцвярджэнні Трампа не адпавядаюць рэчаіснасці. Дзве алімпійскія чэмпіёнкі, Іман Хелиф з Алжыра і Лін Юйцін з Тайваня, ніколі не здзяйснялі пераход. Абедзве яны былі вызначаны як жанчыны з нараджэння і заўсёды выступалі на спаборніцтвах як жанчыны.