БЕЛ Ł РУС

Свет

Зяленскі: Расія сёлета будзе спрабаваць непасрэдна ўцягнуць Беларусь у вайну

5.02.2025 / 20:58

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія не імкнецца скончыць вайну, а якраз наадварот — вясной, летам ці восенню 2025 года будзе спрабаваць уцягнуць у яе Беларусь. Пра гэта ён сказаў 5 лютага падчас размовы з журналістамі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на саміце ЕС у Брусэлі, 17 кастрычніка 2024 г. Фота: AP Photo / Omar Havana

Зяленскі папярэдзіў, што Расія пачне размяшчаць свае сілы ў Беларусі, дадаўшы, што «гэта не проста нейкая чарговая рыторыка».

«З амбіцыямі Пуціна, і тое, што сёння мы бачым — ён робіць усё, каб не спыніць гэтую вайну. І гэта факт. Ён будзе ісці далей у гэтым. І будзе думаць пра іншыя краіны. Я ў гэтым упэўнены. Я папярэджваю пра гэта, цалкам адкрыта, — я разумею, што будзе.

Вы ўбачыце — ён будзе правакаваць іншыя краіны. Можа быць Польшча наступнай або балтыйскія краіны. І гэта не проста нейкая чарговая рыторыка. Вы ўбачыце: вясной, летам ці восенню ён будзе размяшчаць сілы на тэрыторыі Беларусі», — перакананы Зяленскі.

Украінскі прэзідэнт прызнаў, што гэтыя словы могуць успрыняць як запалохванне, аднак ён перакананы, што так і будзе.

«Але вы ўбачыце — ён будзе рабіць усё, каб уцягнуць іх. Ён будзе думаць, як іх правакаваць. Я не ведаю, ці будзе ўварванне, але, у любым выпадку, ён такім чынам зацягне Беларусь у вайну», — сказаў Зяленскі.

Пры гэтым ён удакладніў:

«Хоць, на маю думку, пасля таго, як яны атакавалі Украіну ракетамі — яны ўжо былі ў гэтай вайне, але іх людзей і іх войска няма, пакуль, але Пуцін гэтага вельмі хоча».

Чытайце таксама:

Зяленскі сказаў, што гатовы сесці за стол перамоваў з Пуціным, калі гэта прынясе мір

Зяленскі: Кіеў адкрыты да супрацоўніцтва па здабычы рэдказямельных металаў

Зяленскі: Калі не бераце нас у НАТА, то дайце ядзерную зброю

Зяленскі: Украіна як ніколі блізкая да міру

Каментары да артыкула