Кая Калас: Спецслужбы папярэджваюць, што Расія можа напасці на Еўрасаюз у 2028 годзе
22.01.2025 / 18:31
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас заклікала краіны ЕС узбройвацца.
Кая Калас. Фота: AP Photo/Virginia Mayo
Вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежных справах Кая Калас заявіла, што Расія можа напасьці на ЕС у 2028 годзе.
Пра гэта яна расказала на канферэнцыі Еўрапейскага абароннага агенцтва, паведамляе «Еўраньюс».
«Многія нашы нацыянальныя разведвальныя службы перадаюць нам інфармацыю пра тое, што Расія можа праверыць абаронную гатоўнасць ЕС праз тры-пяць гадоў. Еўрасаюз павінен не толькі траціць грошы на прадухіленне вайны, але і рыхтавацца да яе», — заявіла Калас.
Паводле яе слоў, у 2024 годзе краіны Еўрасаюза трацілі на абарону ў сярэднім 1,9% ВУП, у той час як Расія — 9%.
«Няздольнасць Еўропы інвеставаць у вайсковы патэнцыял таксама пасылае небяспечны сігнал агрэсару. Слабасць запрашае яго», — сказала Калас.
Яна дадала, што Расія за тры месяцы можа вырабіць больш зброі і боепрыпасаў, чым 27 краін блока ў сукупнасці за 12 месяцаў.
«Прэзідэнт Трамп мае рацыю, калі кажа, што мы трацім [на абарону] недастаткова», — мяркуе Калас.
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі адзначыла, што Украіна, стрымліваючы Расію ў абарончай вайне, выйграе час для Еўрасаюза.