Кэмеран Дыяс у новай камедыі змагаецца з беларускім гангстарам
17.01.2025 / 23:2
У новай галівудскай камедыі «Зноў у справе» галоўныя героі, якіх граюць Кэмеран Дыяс і Джэймі Фокс, супрацьстаяць беларускаму гангстару, які спрабуе захапіць у свае рукі суперзброю. Пра гэта паведамляецца ў рэцэнзіях кінакрытыкаў — напрыклад, на сайце filmstarts.de, заўважыў сайт «Беларусь і свет».
Кадр з афіцыйнага трэйлера. Крыніца: Netflix
Фільм рэжысёра Сэта Гордана выйшаў 17 студзеня 2025 года на сэрвісе Netflix. У ім зняліся таксама Глен Клоўз, Кайл Чандлер, Эндру Скот, Джэймі Дэметрыу. У ролі нашага суайчынніка заняты польскі акцёр Роберт Беста.
Паводле сцэнарыя, двое агентаў ЦРУ, выжыўшы ў авіякатастрофе, вырашаюць інсцэнаваць сваю смерць і пачаць жыць як «звычайныя» сужэнцы. Праз шмат гадоў іх таямніца выпадкова раскрываецца, і за парай, якая ўжо мае двух дзяцей, пачынаюць паляванне бандыты.
Рэч у тым, што Эмілі і Мэт, завяршаючы сваё апошняе заданне, выкралі ў беларускага мафіёзі Бальтазара Гора і везлі ў тым самым самалёце нейкі «Ключ» — прыладу, якая дае вялікія магчымасці для кібертэрарызму. І Гор хоча вярнуць яго.
Камедыйны баявік рэкламуецца як «вяртанне Кэмеран Дыяс». Рэч у тым, што апошні раз актрыса з'яўлялася на экранах 10 гадоў таму — у фільме-адаптацыі брадвейскага мюзікла «Эні», пасля чаго абвясціла, што пакідае кіно.
Чытайце таксама:
51-гадовая актрыса Кэмеран Дыяс нарадзіла другое дзіця
Стывен Кінг заклікаў адмяніць «Оскар» праз пажары ў Лос-Анджэлесе
Трамп заклікаў Сталонэ, Гібсана і Войта адрадзіць Галівуд
Беларускі фільм трапіў у конкурс Берлінале. Пра што ён?
Раман з фэйкавым Брэдам Пітам каштаваў жанчыне €830 тысяч. Яна нават развялася з рэальным мужам