БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Аказваецца, ён у турме ў Ваўкавыску

8.02.2025 / 11:12

Nashaniva.com

Эдуарда ўтрымліваюць у зняволенні ўжо больш за чатыры з паловай гады, калі ў чэрвені 2020 года арыштавалі разам з бацькам.

Фота: sb.by

У ліпені 2024 года яму дадалі да васьмі гадоў пазбаўлення волі яшчэ два гады паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).

Для адбыцця тэрміна палітвязня перавялі ў ваўкавыскую калонію № 11, дзе менш чым за паўгода па ініцыятыве адміністрацыі супраць яго ўзбудзілі другую запар справу па ч. 2 арт. 411 КК. Суд над ім распачнецца ўжо 20 лютага, піша «Вясна».

Эдуарда ў ліпені 2023 года асудзілі да 8 гадоў зняволення. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачванні — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у бабруйскай калоніі № 2. Там на яго ўвесь час ціснула адміністрацыя калоніі: змяшчала яго ў ШІЗА і ПКТ.

9 ліпеня 2024 у Бабруйску над Эдуардам адбыўся суд паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Павел Карцінін прызнаў Эдуарда вінаватым і прызначыў яму яшчэ два гады зняволення.

У верасні ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Эдуарда. Пасля гэтага яго перавялі ў папраўчую калонію для строгага рэжыму ў Ваўкавыск.

За пяць месяцаў утрымання там Эдуарда адміністрацыя калоніі ініцыявала ўзбуджэнне ўжо другой справы паводле ч. 2 арт. 411 КК. Працэс над палітвязнем пачнецца 20 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна. Суддзя — Мікалай Сяргейка, які летам 2024 года асудзіў па гэтым жа артыкуле анархіста Аляксандра Францкевіча. Эдуарду Бабарыку могуць дадаць яшчэ два гады калоніі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула