На трасе ў Раўбічах заўважылі мужа Дар'і Домрачавай ВІДЭА
5.02.2025 / 19:14
У Раўбічах пад Мінскам з 15 па 23 лютага пройдзе Кубак наймацнейшых па біятлоне, у якім будуць спаборнічаць толькі беларускія і расійскія спартсмены. Між тым ужо цяпер на лыжні заўважылі славутага нарвежскага біятланіста, мужа Дар'і Домрачавай Уле-Эйнара Б'ёрндалена.
Скрыншот з відэа
У канцы студзеня Б'ёрндалену споўнілася 50 гадоў, але выглядае ён выдатна, адно што толькі стаў насіць акуляры.
Прыехаў зорны нарвежац у Беларусь адзін, ці ў Раўбічах трэба чакаць і Дар'ю Домрачаву — пакуль невядома.
У сацсетках, дарэчы, апошні раз Домрачава з'яўлялася ажно тры тыдні таму.
З 2019 па 2022 год Уле-Эйнар Б'ёрндален з Домрачавай трэніравалі нацыянальную зборную Кітая, але поспехаў не дасягнулі. Восенню мінулага года Б'ёрндален расказаў, што атрымаў некалькі прапаноў вярнуцца да трэнерскай працы, але пакуль адмаўляецца, каб быць больш з сям'ёй. У іх з Дар'яй Домрачавай двое дзяцей. Сям'я жыве ў Манака, але нараджаць другую дачку летам 2023 года Домрачава прыязджала ў Мінск.