БЕЛ Ł РУС

Свет

Спынілі справу аб сэксуальным гвалце супраць Мэрыліна Мэнсана

25.01.2025 / 16:17

Nashaniva.com

Акруговы пракурор у Лос-Анджэлесе 24 студзеня заявіў, што амерыканскаму рок-музыкау Мэрыліну Мэнсану не будуць выстаўленыя абвінавачванні ў сэксуальным або хатнім гвалце пасля расследавання, якое доўжылася чатыры гады. У заяве акруговай пракуратуры сказана, што расследаванне спыненае ў сувязі з перавышэннем тэрміну даўнасці, піша Бі-бі-сі.

Мэрылін Мейсан на канцэрце, 7 жніўня 2024 года. Фота: Scott Legato/Getty Images

«Мы ўстанавілі, што абвінавачванні ў хатнім гвалце выходзяць за рамкі тэрміну даўнасці, і мы не можам даказаць абвінавачванні ў сэксуальным гвалце без разумных сумневаў», — цытуе заяву NBC News.

Акруговы пракурор адзначыў мужнасць жанчын, якія выступілі з абвінавачваннямі, дадаўшы, што хоць справа не дайшла да суда, «рашучая абарона інтарэсаў тых, хто ўдзельнічаў у справе, дапамагла павысіць дасведчанасць адносна праблем, з якімі сутыкаюцца ахвяры хатняга гвалту і сэксуальнага гвалту».

Чатыры жанчыны падалі пазовы супраць Мэнсана, чыё сапраўднае імя Браян Уорнер, абвінавачваючы яго ў сэксуальным гвалце. Праз свайго адваката артыст неаднаразова адпрэчваў абвінавачванні.

Ягоны адвакат Говард Кінг у заяве для Бі-бі-сі паведаміў, што «вельмі задаволены» пастановай пракурораў, нагадаўшы, што ягоны кліент заўсёды настойваў на сваёй невінаватасці.

Сярод жанчын, якія падалі пазовы, абвінавачваючы музыку ў сэксуальным і фізічным гвалце, былі мадэль Эшлі Морган Смітлайн, актрыса з «Гульні тронаў» Эсме Б'янка і былая асабістая памочніца Мэнсана Эшлі Уолтэрс.

У пачатку 2023 года Эшлі Морган Смітлайн адклікала абвінавачванні ў сэксуалізаваным гвалце, сцвярджаючы, што актрыса Эван Рэйчэл Вуд, якая выступіла з абвінавачваннем на адрас музыкі ў пачатку 2021 года, нібыта «маніпулявала» ёю.

Улады пачалі расследаванне ў 2021 годзе, вывучаючы меркаваныя інцыдэнты, якія адбыліся ў 2009-2011 гадах у Галівудзе, дзе жыў Мэнсан. Усяго больш за дзесяць жанчын выстаўлялі абвінавачванні супраць рок-зоркі, уключаючы Эван Рэйчэл Вуд, яго былую нявесту. Мэнсану ў выніку не было выстаўлена ніякіх абвінавачванняў у выніку пазову Вуд, у 2022 годзе ён падаў супраць яе пазоў аб паклёпе.

Б'янка ўрэгулявала свае прэтэнзіі да Мэнсана ў 2023 годзе, «каб працягнуць сваё жыццё і кар'еру», паведамляў яе адвакат. Смітлайн заяўляла, што артыст «неаднаразова пагражаў», папярэджваючы, што «знойдзе яе» і «заб'е, калі яна яго кіне». Яе паказанні пераклікаюцца з вопытам Уолтэрс, якая ў судовых дакументах апісвала Мэнсана як жорсткага начальніка, які дазваляў сябрам прыставаць да яе. Абодва гэтыя справы ў канчатковым выніку былі спыненыя, адзначае NBC News.

Пасля абвінавачванняў на адрас музыкі гуказапісвальная кампанія і ягоны менеджар разарвалі з ім адносіны. Мэнсан адмаўляў якую-небудзь віну па ўсіх выстаўленых супраць яго абвінавачваннях.

«Відавочна, што маё мастацтва і маё жыццё даўно сталі магнітам для спрэчак, але гэтыя апошнія заявы пра мяне — жудаснае скажэнне рэальнасці», — пісаў ён у інстаграме ў лютым 2021 года.

«Мы прызнаем і вітаем мужнасць і стойкасць жанчын, якія выступілі з заявамі і падзяліліся сваім вопытам, — гаворыцца ў заяве пракурора акруговай пракуратуры акругі Лос-Анджэлес. — Мы дзякуем ім за супрацоўніцтва і цярпенне ў ходзе расследавання».

Чытайце таксама:

У Гомелі шматдзетная жанчына паверыла, што яе неўзабаве забярэ ў ЗША Мэрылін Мэнсан. І гэта зламала ўсё жыццё ёй і дзецям

Былога прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса спрабуюць арыштаваць за згвалтаванне 15-гадовай актывісткі. Яна нарадзіла ад яго

Гвалт і прымус да БДСМ. Ніла Геймана абвінавацілі ў сэксуальных злачынствах

Дамініка Пеліко асудзілі ў Францыі да 20 гадоў пазбаўлення волі 

Каментары да артыкула