У Мексіцы на пляж вынесла рыбіну, якая прарочыць катаклізмы
22.01.2025 / 20:0
Сёрферы знайшлі на пляжы мексіканскага горада Каба-Сан-Лукас селядцовага караля. Рыбіна была жывая, але без часткі хваста, паведаміла выданне Need To Know.
Скрыншот з відэа
Верагодна, селядцовага караля вынесла на бераг пасля сустрэчы з марскім драпежнікам. Рыбіну перанеслі ў ваду з дапамогай дошак для сёрфінгу, але невядома, ці змагла яна выжыць.
Селядцовага караля лічаць адной з самых незвычайных марскіх рыбін. Ён валодае змеепадобным целам даўжынёй да 11 метраў. Большую частку жыцця селядцовы кароль праводзіць на глыбіні звыш 900 метраў і рэдка падымаецца на паверхню.
З'яўленне гэтай рыбы каля паверхні вады са старажытных часоў лічаць прадвеснікам катаклізмаў. Цягам апошніх месяцаў іх лавілі каля берагоў Аўстраліі і Каліфорніі.