У Расіі з турмы адпусцілі хлопца, які забіў цэлую сям'ю з дзіцём-інвалідам: ён паехаў з калоніі на вайну
22.01.2025 / 16:9
Тры гады таму 17-гадовы падлетак зарэзаў мужчыну, жанчыну і дзіця. Забойства яму заказала ягоная 14-гадовая каханая.
Фота: СК Расіі
У Расіі хлопец, які тры гады таму забіў трох чалавек, у тым ліку дзіця-інваліда, выйшаў з калоніі і паехаў на вайну ва Украіну, піша «АиФ».
Рэзананснае забойства адбылося ў студзені 2022 года ў Юр'еўцы Омскай вобласці. Аднойчы ноччу 14-гадовая дзяўчынка і яе 6-гадовы брат прыбеглі да суседзяў і расказалі, што невядомы забіў іх сям'ю.
У доме, дзе жылі дзеці, сілавікі знайшлі целы 38-гадовага мужчыны, яго 35-гадовай сужыцелькі і дзесяцігадовай дачкі жанчыны — дзіцяці-інваліда. Карціна была жудаснай: забітых жорстка зарэзалі, увесь дом быў у крыві.
Выжылыя дзяўчынка і хлопчык таксама былі роднымі дзецьмі забітай. Пры гэтым, як расказвалі суседзі, з айчымам у іх былі добрыя адносіны. Дзяўчынка расказала паліцэйскім, што ў дом прабраўся невядомы смуглы мужчына з барадой. Па апісанні склалі фотаробат, але такога чалавека ў вёсцы і ваколіцах ніхто не бачыў.
Аказалася, дзяўчынка-падлетак спецыяльна паслала сілавікоў па падманным следзе. Забойства маці і айчыма спланавала менавіта яна, а выканаўцам стаў яе 17-гадовы хлопец. Забіць дарослых яны вырашылі таму, што тыя былі супраць іх адносін.
Спачатку дзяўчынка хацела атруціць бацькоў, але затым спыніліся на іншым варыянце. Забойства ўзяў на сябе хлопец, а сяброўка павінна была ўпусціць яго ў дом.
Падлетак прабраўся ў хату а другой гадзіны ночы з задняга двара, з сабой у яго быў штык-нож. Спачатку ён падышоў да мужчыны, які спаў, і пачаў наносіць яму ўдары нажом. Айчым дзяўчыны прачнуўся і паспрабаваў адбіцца, але падлетак аказаўся мацнейшым.
Іншымі ахвярамі стала мама дзяўчынкі і яе сястра-інвалід. Забіўшы трох чалавек, хлопец падышоў да сваёй дзяўчыны, якая ўвесь гэты час была на кухні з маленькім братам, і сказаў бегчы да суседзяў.
У сакавіку 2023 года забойца атрымаў шэсць гадоў і сем месяцаў калоніі агульнага рэжыму, ягоную дзяўчыну адправілі ў выхаваўчую калонію на 6,5 года. Пазней прысуд змякчылі, прыбраўшы са справы прыкмету «групай асоб паводле папярэдняй змовы».
Нядаўна стала вядома, што забойца выйшаў з калоніі: ён заключыў кантракт з расійскай арміяй і паехаў на вайну ва Украіну.