БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Ярмошына расказала пра свой пракол на выбарах

29.10.2024 / 7:0

Nashaniva.com

«Адзін раз пракалолася, калі была маладой старшынёй. Мне крычалі, што няма нічога святога».

Нядаўна былая старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына расказвала, што дату выбараў трэба вызначыць па-сталінску (і тады аптымальныя месяцы — сакавік і лістапад). Аднак наступныя выбары ў Беларусі пройдуць у студзені. Таму цяпер у ток-шоу на СТБ Ярмошына даводзіла, што да Сталіна можна не прыслухоўвацца, бо «часы, калі мы былі звязаныя з умовамі надвор'я, прайшлі».

«Іосіф Вісарыёнавіч гаварыў — ці ў сакавіку, ці ў лістападзе. То-бок, калі няма замаразкаў, калі конь на падводзе дабярэцца да аддаленых раёнаў Краснадарскага краю. Таму зіма зусім не падыходзіла для гэтага».

«Мы жывём у век высокіх тэхналогій, мы мабільныя, на транспарце. Тым больш, мы маленькая краіна», — дадала Ярмошына.

У тым, што выбары прызначаны на студзень, яна бачыць плюсы.

«Увесь перыяд перадвыбарчай агітацыі — гэта якраз канец снежня — студзень, студзеньскія святы. Для кандыдатаў у прэзідэнты проста цалкам нармальнае, спрыяльнае асяроддзе, каб пра сябе заявіць. Прычым заявіць пазітыўна — гэта ж святы. Канікулы школьныя скончацца, настаўнікі выйдуць. Актыўнага перыяду адпачынкаў няма».

А пасля Ярмошына згадала пра свой пракол з выбарам даты выбараў:

«Нас калісьці папракалі за тое, што (пасля я кожны раз пралічвала) адзін раз пракалолася, калі была маладой старшынёй. Другі тур выбараў мясцовых калісьці трапіў на каталіцкі Вялікдзень. Мне крычалі, што няма нічога святога».

У далейшым, па словах Ярмошынай, ЦВК прапаноўвала такія даты, каб з царкоўнымі святамі не супадала.

Цяпер, пераканана былая старшыня ЦВК, «спекуляваць зусім няма на чым».

«У канцы канцоў студэнты ну вып'юць 25-га [на Таццянін дзень, які лічыцца Днём студэнта], яны ж датэрмінова могуць прагаласаваць 21-га», — дадала Ярмошына.

Чытайце таксама:

ЦВК патлумачыў, чаму 23 лютага не абралі днём выбараў

Ярмошына: Я б Ціханоўскую нават спецыялістам у ЦВК не ўзяла

Ярмошына лічыць, што дату выбараў трэба вызначыць па-сталінску

Драма Лідзіі Ярмошынай: як галоўная паплечніца Лукашэнкі згубіла ўсё

Каментары да артыкула