Пяскоў пракаментаваў ордары МКС на арышт Шайгу і Герасімава
26.06.2024 / 13:22
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў пастанову Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордары на арышт былога міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу і кіраўніка расійскага генштаба Валерыя Герасімава.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. Фота: kremlin.ru
«Мы лічым іх досыць абсурднымі, як і мінулыя два ордары, якія тычыліся кіраўніка дзяржавы і нашага дзіцячага амбудсмена», — сказаў Пяскоў, адказваючы на пытанне журналістаў.
«Мы не прызнаем юрысдыкцыю гэтага суда, не зʼяўляемся членамі адпаведнага статута. Адпаведна, мы не прызнаем гэтыя ордары», — дадаў Пяскоў.
25 чэрвеня дасудовая палата МКС выдала ордары на арышт Шайгу і Герасімава ў сувязі з ударамі па ўкраінскіх энергетычных абʼектах падчас вайны.
Такія ўдары, перакананыя суддзі, былі накіраваныя супраць грамадзянскага насельніцтва Украіны, а значыць, маюць прыкметы ваеннага злачынства і злачынстваў супраць чалавечнасці.
17 сакавіка 2023 года МКС выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Львовай-Бяловай.
Іх вінавацяць у ваенным злачынстве — незаконнай дэпартацыі насельніцтва (дзяцей) і незаконнага перамяшчэння насельніцтва (дзяцей) з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расійскую Федэрацыю.