Дзе знаходзілася першая друкарня на Беларусі?
7.05.2024 / 9:29
Беларускі гісторык Мікола Волкаў зрабіў спробу лакалізаваць друкарню, якая працавала на распаўсюд культуры Рэнесансу і ідэй Рэфармацыі.
Сваімі здагадкамі наконт размяшчэння Берасцейскай друкарні ён падзяліўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Першая беларуская друкарня была заснавана ў Берасці ў 1553 годзе пад заступніцтвам дзяржаўнага дзеяча, кальвініста Мікалая Радзівіла Чорнага. Яна дала магутны штуршок да развіцця кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім, следам за ёй узнік яшчэ шэраг друкарняў, якія працавалі на распаўсюд культуры Рэнесансу і ідэй Рэфармацыі.
Берасцейская Біблія багата ўпрыгожаная гравюрамі і іншым кніжным дэкорам. Фота: «Літфонд»
Берасцейская друкарня забяспечвала высокі паліграфічны ўзровень. Яна выпусціла больш за сорак выданняў на польскай і лацінскай мовах розных тэматык і зместу, у афармленні якіх шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка.
Найбольш выдатным творам, створаным у гэтай друкарні, лічыцца Берасцейская Біблія 1563 года, якая змяшчае поўны тэкст Святога пісання на польскай мове.
План старога Брэста, накладзены на спадарожнікавы здымак Брэсцкай крэпасці. У кружочку — меркаваны палац Чартарыйскіх. Фота: фэйсбук Міколы Волкава.
Мікола Волкаў звярнуў увагу на мураваны будынак, вядомы як палац Чартарыйскіх, які размяшчаўся на заходнім баку рынка старога Берасця.
Першапачаткова на гэтым месцы ў сярэдзіне XVI стагоддзя быў двор пушкара Марка Зубрыцкага.
Пасля смерці бяздзетнага Марка Зубрыцкага яго пляц адышоў манарху, двор ператварыўся ў сядзібу гарадскога кіраўніцтва. Распараджаўся ім берасцейскі стараста Мікалай Радзівіл Чорны.
Верагодна, што менавіта тут Радзівіл і размясціў у 1550-я гады сваю друкарню, дзе пабачыла свет знакамітая Берасцейская Біблія.
Берасце на малюнку шведскага інжынера Эрыка Дальберга 1657 года.
Мікалай Радзівіл Чорны памёр у 1565 годзе. Ягоная друкарня спыніла сваю працу ў 1570-я гады, пасля чаго пляц мог адысці да іншага берасцейскага старосты — Астафея Валовіча. У канцы стагоддзя ён пабудаваў тут камяніцу. Верагодна, што яе можна нават пабачыць на малюнку горада, выкананым шведскім інжынерам Эрыкам Дальбергам у 1657 годзе.
Пазней гэтую камяніцу пад свой палац перабудавалі князі роду Чартарыйскіх, трое прадстаўнікоў якога ў XVIII стагоддзі былі берасцейскімі войтамі. Гэты палац добра бачны на расійскіх планах горада.
У часы існавання расійскай крэпасці XIX-XX стст. на гэтым месцы нічога не будавалася, таму ў зямлі могуць быць падмуркі і нейкія цікавыя сляды ад палаца Чартарыйскіх, камяніцы Валовічаў і, магчыма, друкарні Радзівіла.
Радзівілаўская Біблія, выстаўленая на расійскім аўкцыёне. Фота: «Літфонд»
Сёння ў кнігасховішчах Расіі і Літвы захоўваецца каля 20 асобнікаў Берасцейскай Бібліі, у той час як у Беларусі, дзе яна была створана, маецца ўсяго тры асобнікі. Яшчэ адзін асобнік спрабавалі летась прадаць на расійскім аўкцыёне — імаверна, былы беларускі міністр.