Кароль Карл ІІІ вяртаецца да выканання грамадскіх абавязкаў
26.04.2024 / 22:2
Кароль Вялікабрытаніі Карл III неўзабаве вернецца да выканання грамадскіх абавязкаў пасля пройдзенага курсу лячэння ад анкалагічнага захворвання. Вяртанне Карла III чакаецца ў пачатку траўня, паведаміла прэс-служба Букінгемскага палаца.
Карл ІІІ і каралева Каміла. Фота: Hollie Adams/Pool Photo via AP
«Яго Вялікасць кароль неўзабаве вернецца да выканання грамадскіх абавязкаў, звязаных са з'яўленнем на публіцы, пасля перыяду лячэння і аднаўлення, які адбыўся з-за яго нядаўняга ракавага дыягназу», — гаворыцца ў паведамленні Букінгемскага палаца.
Брытанскі кароль разам з жонкай Камілай наведаюць цэнтр па лячэнні ракавых захворванняў, дзе сустрэнуцца з лекарамі і пацыентамі. Таксама яны чакаюць у чэрвені сустрэчы з японскім імператарам Нарухіта і ягонай жонкай Масака.
Букінгемскі палац заяўляе, што кароль не будзе праводзіць поўную летнюю праграму мерапрыемстваў, а тэмп яго вяртання будзе «старанна вывераны». Любая грамадская праца, у якой возьме ўдзел кароль, будзе абвешчаная бліжэй да лета і будзе залежаць ад рэкамендацый лекараў.