Беларус з дапамогай нейрасеткі зрабіў Star Wars з саломы
12.09.2023 / 16:38
Беларускі графічны дызайнер і ілюстратар Лёша Лімонаў у сваіх сацсетках паказаў серыю арт-аб'ектаў Star Wars з саломы. Дызайнер згенераваў іх з дапамогай нейрасеткі, але задумваецца над тым, каб зрабіць з іх рэальныя саламяныя скульптуры, піша CityDog.io.
Як расказаў сам Лімонаў у каментары CityDog.io, ідэя зрабіць нешта ў стылі беларускага саломапляцення была ў яго даўно.
«Я прымяраў розныя вобразы, але ніяк не даходзілі рукі. І вось нядаўна гуляў па Нацыянальным мастацкім музеі, зноў сустрэў там плеценыя экспанаты — і адбылося азарэнне. Таксама за дзень да гэтага я наведаў «Асенні салон», дзе мне мала што спадабалася. У выніку гэтага напластавання падзей я вырашыў стварыць поп-арт-калекцыю лічбавых «саламяных «Зорных войнаў».
Па словах дызайнера, сучаснае поп-арт-мастацтва — гэта працэс пастаяннай перапрацоўкі, трансфармацыі, капіявання элементаў масавай культуры для таго, каб стварыць новыя эмоцыі, новыя вобразы і сэнсы.
«Вобраз Дарта Вэйдэра з'явіўся адразу, бо яго шлем нагадаў плецены кошык — і панеслася! — дзеліцца Лёша. — Я паспрабаваў пераасэнсаваць выдатную самабытную нацыянальную тэхніку і стварыць серыю новых вобразаў».
Дарт Вэйдэр з саломы
Калекцыя лічбавых «саламяных «Зорных войнаў» згенераваная з дапамогай нейрасеткі, але дызайнер не выключае таго, што арт-аб'екты могуць стаць рэальнымі скульптурамі.
«У планах гэты канцэпт глабальна маштабаваць. Яшчэ трэба шмат чаго вывучыць у гісторыі нашай культуры, разабраць розныя прыёмы саломапляцення. Таксама ёсць вельмі шмат яркіх вобразаў у поп-культуры, якія можна пераасэнсаваць у гэтым стылі».
Лічбавыя скульптуры Лёша плануе перавесці ў матэрыял з дапамогай 3D-прынтара ці нават самастойна сплесці рукамі.
«Мне здаецца, што такія яркія экспанаты выклічуць шмат эмоцый на тым жа «Асеннім салоне — 2024», як мінімум».
Чытайце таксама:
Выйшла цудоўная кніга для маленькіх беларусаў (дастаўка амаль па ўсім свеце)
У Беларусі выпусцілі марожанае са смакам торта «Мурашнік». Спрабавалі?