«У кайданках і на ланцугу прывялі ў залу суда». Гісторыя аднаго затрымання ў Бешанковічах
15.04.2023 / 13:57
Журналіст, паэт і бард з Бешанковічаў Георгій Станкевіч апісаў, як і за што затрымлівалі яго жонку Ларысу.
Мая справа закончылася тым, што мяне абвінавацілі ў пікеце пад бела-чырвона-белым сцягам і прысудзілі штраф у памеры 2420 рублёў.
Быў арыштаваны мой мабільны тэлефон і камп’ютар, у хаце праводзіўся ператрус. Але падставаў, каб распачаць яшчэ адну справу не знайшлося. Арыштаваную тэхніку вярнулі праз два месяцы.
З таго часу мінуў год, і цяпер міліцыянты часта наведваюцца «ў госці». Двойчы за апошнія паўгода прыязджаў КДБ. Зразумела, што ўся справа тычыцца майго светапогляду, які не ўкладваецца ў іх рамкі.
Мяне не могуць абвінаваціць у тым, што я выходзіў на пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Я гэта не рабіў аніводнага разу. А таму ўсе наезды магу разглядаць толькі як барацьбу з іншадумствам і як парушэнне нашай Канстытуцыі, якая гарантуе мне свабоду маёй думкі.
Але на гэты раз міліцыянты заявілі, што яны не да мяне, а да маёй жонкі, пенсіянеркі Ларысы Паўлаўны Станкевіч.
Мая жонка — чалавек апалітычны. Яна нават не заходзіць на сайт, які вяду я. У яе сваё кола інтарэсаў. Напярэдадні, 9 красавіка, яна звярнулася да мяне, каб я паглядзеў, чаму не адчыняюцца яе аднакласнікі. Аказалася, што яе старонка ўзламаная.
І калі міліцыянты з парога заявілі пра тое, што са старонкі Ларысы Паўлаўны ў аднакласніках ажыццяўляліся экстрэмісцкія дзеянні, усё стала зразумелым.
У 13 гадзін 12-га красавіка яе забралі ў Бешанковіцкі РАУС, каб скласці пратакол аб адміністрацыйным парушэнні.
Але, калі я туды прыехаў у 18:30, мне адказалі, што яна будзе затрыманая да суда, які адбудзецца невядома калі.
Я папрасіў дазволу забраць яе дахаты, папярэдзіў дзяжурнага аб слабым жончыным здароўі, аб тым, што яны бяруць на сябе вялікую адказнасць, таму што яна можа нават памерці.
З мяне толькі пасмяяліся, сказалі, што выклічуць «хуткую дапамогу».
Назаўтра раніцай у РАУС мне адказалі, што суд адбудзецца 13 красавіка, але ў які час — невядома. «Як толькі суддзя азнаёміцца са справай».
Суд распачаўся 13.04.2023 пасля 16:00, а ўжо ў 17:10 Ларысу Станкевіч вызвалілі з пратаколам 30 базавых штрафу.
Яе абвінавацілі ў тым, што яна ў аднакласніках размясціла на сайце «Гісторыя Воршы ў фотаздымках» экстрэміскія матэрыялы.
Што ж, плаціць штрафы для нашай сям’і справа прывычная.
Але калі Ларыса Паўлаўна распавяла, як з ёй абыходзіліся ў Бешанковіцкім РАУС, мне стала зразумела, што гэта была наўмысная акцыя, з мэтай знішчэння чалавека са слабым здароўем.
Яе трымалі ноч у халодным пакоі, дзе пастаянна гарэла святло. Праз дзве ці тры гадзіны распраналі дагала, надзявалі на рукі кайданкі і выводзілі ў калідор для вобшуку.
У тых жа кайданках і на ланцугу, як небяспечнага злачынцу, яе прывялі ў залу суда.
Вялікі дзякуй суддзі Наталлі Рэут, якая адразу папярэдзіла міліцыянтаў аб перавышэнні імі сваіх паўнамоцтваў і прымусіла іх зняць кайданкі.
Злачынства 62-гадовай пенсіянеркі, маці траіх дзяцей, якая перанесла некалькі аперацый, заключалася ў тым, што яна сама, (магчыма, выпадкова), або «хтосьці» за яе наўмысна паставіў ў сеціве ў вольны доступ «экстрэмісцкі матэрыял».
14 красавіка нам прыйшлося ехаць у бальніцу, дзе дактары пасля даследавання паставілі дыягназ: «падазрэнне на інфаркт», з сумам рэзюмаваў Георгій Станкевіч.
Яшчэ адзін фігурант справы «Маёнтка Падароск» выйшаў пад паручальніцтва
Дырэктарка «Слаўцэнтра» Ірына Зімнева знаходзіцца на Акрэсціна. Яе мужа арыштавалі на 14 сутак